31.05.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 31 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пракуратура выявіла на сайтах буйных інтэрнэт-крам прапанову выданняў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Размова ідзе пракнігі Віктара Суворава «Дзень “М"», «Калі пачалася Сусветная вайна?» і «Ледакол. Хто пачаў другую сусветную вайну?», якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Пры гэтым на сайце іншай інтэрнэт-крамы прапаноўвалася да набыцця кніга Вацлава Ластоўскага «Выбраныя творы», прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі» рашэннем суда Цэнтральнага раёна г. Мінска.
Гэта выявіла пракуратура Ленінскага раёна Мінска.
У Мінску сілавікі затрымалі вядучага святаў
Паводле інфармацыі "Медыязона", гаворка ідзе пра Паўла Пашкевіча.
На «пакаяльным відэа» ён кажа, што падчас пратэстаў сфатаграфаваўся з БЧБ-сімволікай на дарозе ў Мінску, а таксама дасылаў у «Чорную кнігу Беларусі» інфармацыю аб перамяшчэнні сілавікоў. Хлопец на руцэ мае татуіроўку «Жыве Беларусь».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 19 чалавек — цяпер у ім 4119 прозвішчаў
31 траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага за каментары пра расійскійх вайсоўцаў Віктара Баркета, грамадзянку Украіны Наталлю Захаранку, журналіста Андрэя Толчына.
Да допіса далучыны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Крыніца: Чарговае затрыманне вядучага святаў, новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 31 траўня