05.06.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-5 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманы намеснік дырэктара "Ружовай зебры"
Сілавікі затрымалі намесніка дырэктара event-агенцтва "Ружовая зебра" Алега Астраленку. Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал "Кніга ГУ "БАЗА". На міліцэйскім відэа Астраленка кажа, што ў 2020 годзе двойчы браў удзел у маршах.
Губазікаўцы ў пасце спаслаліся на данос Вольгі Бондаравай, у якім яна патрабуе ад Мінкульта зладзіць чысткі рэестра арганізатараў канцэртнай дзейнасці.
Таксама мужчына распавядае, што сярод заказчыкаў агенцтва як прыватныя так і дзяржаўныя кампаніі і называе свой заробак.
Затрымалі дваіх братоў з Брэста
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
На «пакаяльным відэа» мужчыны кажуць, што 10 жніўня 2020-га году знаходзіліся ў Брэсце на акцыі пратэсту.
Аднаго з іх клічуць Мацвей Аверчук.
Чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапіў тэлеграм-канал «Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава», інстаграм-старонкі «snytsina» і «krama.kalinouskaha», а таксама Youtube-канал і старонка ў Facebook пісьменніка Андрэя Хадановіча.
49-гадовага мінчука затрымалі за каментары ў Telegram
Сцвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту яшчэ ў 2010-ым годзе.
На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што пакідаў абразлівыя каментары пра сілавікоў і прадстаўнікоў улады.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманы — Андрэй Нікалаеў.