06.06.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, дыфамацыя Сяргей Гняўко. Фота з сацыяльных сетак. У судзе Аршанскага раёна і Оршы чацвёртага чэрвеня разгледжаная крымінальная справа палітзняволенага Сяргея Гняўко. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.2 арт. 368 КК), прычым паўторна. Справу разглядала суддзя Юля Вяршыніна.

Першы раз Сяргея Гняўко асудзілі па гэтым жа артыкуле (ч. 1 арт. 368 КК) ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Мінска 5 траўня. Прысуд невядомы, аднак у большасці выпадкаў за абразу Лукашэнкі людзей пазбаўляюць волі.

Пад гэтае апісанне патрапляе ў сацыяльных сетках 47-гадовы Сяргей Леанідавіч Гняўко. Ён часта ездзіў на заробкі ў Санкт-Пецярбург.

Судом было ўстаноўлена, што Сяргей Гняўко з'яўляючыся асобай, раней судзімай за публічную абразу Лукашэнкі і будучы дастаўленым у спецізалятар Аршанскага РУУС за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 19. 1 КаАП (дробнае хуліганства), знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, у прысутнасці супрацоўнікаў АУС і работніка спецізалятара публічна вымавіў выказванне, якое змяшчае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, у адрас Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў.

Суд прызнаў Сяргея Гняўко вінаватым і на падставе ч.2 арт. 368 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады.

Па сукупнасці прысудаў да прызначанага пакарання суд часткова далучыў неадбытае пакаранне па папярэднім прысудзе і канчаткова прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крыніца: Аршанца паўторна асудзілі за абразу Аляксандра Лукашэнкі