07.06.2024 Тэгі: палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6-7 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязня Акіхіру Гаеўскага-Ханаду змясцілі ў ПКТ на 4 месяцы

Акіхіра Гаеўскі-Ханада на вынясенні прысуду 6 верасня 2022 года
Акіхіра Гаеўскі-Ханада на вынясенні прысуду 6 верасня 2022 года

Пра гэта паведаміў 1 чэрвеня "АЧК-Беларусь".

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль 4 гады. У Мінгарсудзе 6 верасня 2022 года яму прысудзілі 16 гадоў калоніі.

28 лютага 2023 года Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова скараціла тэрмін палітвязня на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Акіхіра — 15 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

За ўдзел у пратэстах і сувязь з ЧКБ затрыманы мужчына — сілавікі пішуць, што ён "навязваў сыну дэструктыўныю ідыялогію"

На "пакаяльным" відэа ад 6 чэрвеня затрыманы "прызнаецца" ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, рэгістрацыі ў чат-боце плана "Перамога", абразлівых каментарах пра прыхільнікаў улады і вайны ва Украіне. Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ён дасылаў праекту Nexta паведамленні пра перасоўванне расійскіх войскаў у Беларусі, а праекту "Чорная Кніга Беларусі" — інфармацыю пра супрацоўніка ДАІ.

Мужчыну таксама прымусілі сказаць, што ён "навязваў свайму сыну дэструктыўныю ідыялогію".

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Андрэя Прылуцкага, экстрадыцыі якога з Расіі дамагалася беларуская пракуратура

Пра гэта стала вядома 6 чэрвеня.

41-гадоваму Андрэю інкрымінаваны арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Мінскай вобласці.

Андрэй Прылуцкі працаваў на "Беларуськаліі" і далучыўся да страйку з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі ды новых выбараў. Пад пагрозай арышту ён уцёк у Расію, адкуль збіраўся ляцець ва Украіну, але быў затрыманы ў Санкт-Пецярбурскім аэрапорце. Мужчына амаль 6 месяцаў правёў у СІЗА, адкуль пазней выйшаў на волю.

Сілавікі апублікавалі "пакаяльнае відэа" са спеваком Сашам Нэма

sasza-nema_.jpg
Саша Нэма

На відэа ад 6 чэрвеня ён "просіць прабачэння" за тое, што ў 2020-ым годзе ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

ГУБАЗіК сцвярджае, што спявак сам прыйшоў да іх, але ніякіх доказаў гэтага факту не прыводзіцца і пра гэта не кажа сам Нэма.

Крыніца: "Пакаяльнае" відэа з Сашам Нэма і новая спецвытворчасць: хроніка пераследу беларусаў 6-7 чэрвеня