10.06.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, праваабаронцы, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў У Маскоўскім гарадскім судзе сёмага чэрвеня разглядалася апеляцыйная скарга вядомага расійскага праваабаронцы, сустаршыні цэнтра "Мемарыял" Алега Арлова.
Нагадаем, 27 лютага суддзя Алена Астахава прысудзіла Алега Арлова да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму па артыкуле аб “паўторнай дыскрэдытацыі расійскіх узброеных сіл” за асуджэнне ўварвання ва Украіну.
Пасля прысуду, без аніякіх падстаў Алега Арлова этапавалі ў ноч з 11 на 12 красавіка ў СІЗА-2 Сызрані. Прычым пра этап у іншы рэгіён не ведалі ні адвакаты, ні жонка Арлова.
Як паведамляе "Цэнтр Мемарыял", правабаронцу падключылі да судовага пасяджэння па відэасувязі. Ён кажа аб тым, што яго правы былі парушаныя: ён не мог сустракацца са сваім адвакатам, таму падрыхтоўка да апеляцыі была сарваная. Ён таксама заяўляе, што не азнаёміўся з матэрыяламі ў дастатковым аб'ёме. Сёмы том справы ён убачыў у апошні дзень у Маскве.
Адвакатка таксама заявіла аб парушэнні права на судовую абарону, паказваючы, што этапаванне Арлова з Масквы ў СІЗА - 2 Сызрані пазбавіла яго магчымасці сустракацца са сваім адвакатам напярэдадні апеляцыі.
Суддзя Марыя Ларкіна адклала пасяджэнне на 11 ліпеня, каб Алег Арлоў у дастатковай меры мог падрыхтавацца да абароны ў судзе.
"Ні пра што не шкадую і ні ў чым не раскайваюся": вынесены прысуд сустаршыні цэнтра "Мемарыял" Алегу Арлову
Крыніца: Суд перанёс разгляд апеляцыйнай скаргі сустаршыні цэнтра "Мемарыял" Алега Арлова