10.06.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, правы працоўных Вольга Брыцікава У закрытым рэжыме 11 чэрвеня судовая калегія Вярхоўнага суда будзе разглядаць апеляцыйную скаргу лідаркі незалежнага прафсаюза "Нафтан" Вольгі Брыцікавай. Яе абвінавачавалі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 КК. Справу прызначаны разглядаць суддзя Уладзімір Чаравач.

Суд па гэтым артыкуле над палітзняволенай Брыцікавай пачаўся 11 сакавіка 2024 года, апошняе судовае пасяджэнне датуецца 14 сакавіка. Верагодна ў гэты дзень быў вынесены прысуд, вынік якога невядомы. 

Вольга Брыцікава ў траўні 2022 года выйшла на волю пасля 75 сутак арышту за выказванні супраць вайны. Была затрыманая 1 лістапада зноў па адміністрацыйным артыкуле. Праз два дні суд прызнаў яе вінаватай у распаўсюджванні "экстрэмісцкіх матэрыялаў" і прызначыў 15 сутак арышту. 11 лістапада яе зноў асудзілі на 15 сутак за "несанкцыянаваны пікет". Падставай для разбіральніцтва стаў малюнак з надпісам "Не вайне", які Вольга апублікавала ў сацсетках. 

Вольгу паўторна затрымалі ў жніўні 2023 года па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства паводле ч.1 арт. 361 ч.2 КК (“публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве”). Аднак у ходзе следства  абвінавачанне было змененае.

Падтрымайце палітзняволеную паштоўкай альбо лістом: СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Вольга Ігараўна Брыцікава.

Разгром актывістаў незалежных прафсаюзаў і "Рабочага руху": спланаваная акцыя ўладаў

Па стане на 7 чэрвеня за кратамі застаецца 15 абаронцаў правоў працоўных, большасць з якіх беларускай праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітвязнямі.

Крыніца: Апеляцыйная скарга лідаркі незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгі Брыцікавай будзе разгледжаная 11 чэрвеня