10.06.2024 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-10 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Назіральніцу за выбарамі 2020-га году Гражыну Гетка адправілі на "суткі"
Гражыну затрымалі ў Бярозаўцы яшчэ 5 чэрвеня. Па інфармацыі праваабаронцаў, жанчыну арыштавалі на 10 сутак. Паводле якога артыкула яе судзілі — невядома.
Гэта ўжо другое затрыманне жанчыны за гэты год — напрыканцы зімы ёй прызначылі 25 сутак арышту.
На Віцебшчыне ліквідавалі грамадскае аб'яднанне каратыстаў
Суддзя Віцебскага абласнога суда Наталля Хількевіч 6 чэрвеня прыняла рашэнне ліквідаваць Віцебскае моладзевае грамадскае аб'яднанне "Клуб баявых мастацтваў "Поспех". Гэтае рашэнне стала магчымым дзякуючы ініцыятыве кіраўніцтва Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскаблвыканкама, піша "Віцебская вясна".
У арганізацыі, якая ў сваіх шэрагах мела каля 80 чальцоў, актыўна развівалі каратэ-до. Сябры «Поспеху» ўдзельнічалі і праводзілі спаборніцтвы рознага маштабу, ім прысвойвалі спартыўныя званні паводле Адзінай спартыўнай класіфікацыі.
Актывіста Яўгена Афнагеля перавялі ў наваполацкую калонію
Палітзняволенага актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля, асуджанага да 7 гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі амаль 3 гады і 9 месяцаў. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, а потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму № 4.
Цяпер стала вядома, што па заканчэнні тэрміну турэмнага рэжыму Яўгена зноў перавялі ў Наваполацк. Там яго размеркавалі на працу па ачыстцы кабеля. Вядома, што яго адразу пазбавілі перадачы і спаткання. Акрамя гэтага, ад яго ўжо месяц няма ні лістоў, ні званкоў. Блізкія палітвязня мяркуюць, што яго змясцілі ў ШІЗА.
Нагадаем, за час у зняволенні ў Яўгена сапсаваўся зрок, таму цяпер ён вымушаны насіць акуляры. За кратамі ён шмат чытае і малюе. Вядома, што ў зняволенні на Яўгена аказваецца ціск з боку адміністрацыі папраўчых установаў.
Падтрымайце Яўгена: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Яўгену Ігаравічу Афнагелю.
У Паставах арыштаваная і выстаўленая на продаж машына асуджанага за здраду дзяржаве
Паставах арыштаваны і выстаўлены на продаж аўтамабіль Volkswagen Golf, асуджанага за здраду дзяржаве Валерыя Раманоўскага, піша тэлеграм-канал "Віцебск, я гуляю".
Палітзняволены Валерый Раманоўскі – былы кіраўнік Службы паветранай разведкі, вясной 2023 года яго ў закрытым рэжыме асудзілі па артыкуле аб здрадзе дзяржаве (артыкул 356 КК). Вынік суда невядомы.
Улады хочуць ліквідаваць аб'яднанне татараў, якое ўзначальвае муфтый Беларусі
18 чэрвеня Мінскі гарадскі суд разгледзіць пазоў Мінюста з патрабаваннем ліквідаваць Беларускае грамадскае аб'яднанне татараў "Зікр ульт-Кітаб”, піша “Позірк".
Афіцыйна арганізацыя ў Беларусі працуе з 1993 года. Старшынёй "Зікр уль-Кітаб" з'яўляецца муфтый Абу-Бекір Шабановіч, які з 2005 года ўзначальвае мусульманскае рэлігійнае аб'яднанне.
У 2017 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў яго прэміяй «За духоўнае адраджэнне».
Крыніца: Ліквідацыя грамадскіх аб'яднанняў, пераслед палітвязняў: хроніка пераследу 9-10 чэрвеня