05.06.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-5 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
"Экстрэмісцкім фармаваннем" прызнанае YouTube-шоу "Женщины тяжелого поведения"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 5 чэрвеня.
Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Анастасія Карасёва, Марына Ментусава і Кацярына Раецкая.
Як пазначана ў апісанні праекту, гэта шоу «створанае беларускамі для беларусак» і ў ім «разам з калегамі, жанчынамі медыя, палітыкі, навукі і культуры мы абмяркоўваем што можна зрабіць, каб жыццё дзяўчынак, дзяўчат і жанчын стала лепшым»
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў адбылося 5 чэрвеня
У яго трапілі:
Telegram-канал «Беларусь 2.0 Робім разам»;Instagram старонка «politzonabelarus»;Інтэрнет-старонка «defendersbelarus.оrg»;Facebook-старонка «Беларуская Нацыянальная Памяць»;TikTok-старонкі «sens.livе», «Пра Кастусь», «Black Swan», «Вектар на Беларусь. Навiны».
За каментары ў тэлеграме затрымалі мужчыну
На «пакаяльным відэа» ён кажа, што нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, абражаў міліцыянтаў і пісаў пра іх месцазнаходжанне, а таксама абмяркоўваў выраб і выкарыстанне «кактэйляў Молатава».
КДБ наклаў арышт на дом гродзенскага актывіста Сяргея Верамеенкі
Пра гэта актывіст напісаў у сваім Facebook:
«Вось так зараз выглядае наш дом у Гародні. Той самы дом, які калісьці належыў маяму дзеду - вэтэрану Другой Сьвятовай вайны, кавалеру ордэна "Айчынная вайна", Пракопчыку Сьцяпану Васільлевічу».
Сяргей і Вольга Верамеенка — уладальнікі крамы нацыянальнай сімволікі «Адметнасць». У сакавіку КДБ прызнала (https://t.me/viasna96/25078) краму «экстрэмісцкім фармаваннем», а ў траўні СК распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Вольгі.
Затрымалі жыхара Магілёва, які прапаноўваў прызнаць АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі
Сілавікі затрымалі магілёўца. Ролік з ім апублікаваў праўладны канал "Шосты рэгіён".
На відэа мужчына ў чорным пола кажа, што быў затрыманы за «абразлівыя выказванні» пра міліцыянтаў, піша "Медыязона". Сярод каментароў, якія паказаны ў роліку, прапанова прызнаць Алмаз, АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі.
Затрыманы намеснік дырэктара "Ружовай зебры"
Сілавікі затрымалі намесніка дырэктара event-агенцтва "Ружовая зебра" Алега Астраленку. Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал "Кніга ГУ "БАЗА". На міліцэйскім відэа Астраленка кажа, што ў 2020 годзе двойчы браў удзел у маршах.
Губазікаўцы ў пасце спаслаліся на данос Вольгі Бондаравай, у якім яна патрабуе ад Мінкульта зладзіць чысткі рэестра арганізатараў канцэртнай дзейнасці.
Таксама мужчына распавядае, што сярод заказчыкаў агенцтва як прыватныя так і дзяржаўныя кампаніі і называе свой заробак.
Затрымалі дваіх братоў з Брэста
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
На «пакаяльным відэа» мужчыны кажуць, што 10 жніўня 2020-га году знаходзіліся ў Брэсце на акцыі пратэсту.
Аднаго з іх клічуць Мацвей Аверчук.
Чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапіў тэлеграм-канал «Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава», інстаграм-старонкі «snytsina» і «krama.kalinouskaha», а таксама Youtube-канал і старонка ў Facebook пісьменніка Андрэя Хадановіча.
49-гадовага мінчука затрымалі за каментары ў Telegram
Сцвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту яшчэ ў 2010-ым годзе.
На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што пакідаў абразлівыя каментары пра сілавікоў і прадстаўнікоў улады.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманы — Андрэй Нікалаеў.