12.06.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, праваабаронцы, справа Вясны, спецвытворчасць У Гомельскім абласным судзе 12 чэрвеня пачынаецца завочны суд над былым палітвязням, юрыстам і праваабаронцам Леанідам Судаленкам. Новая крымінальная справа ў фармаце спецвытворчасці была ўзбуджаная ў лістападзе 2023 года. Леаніда абвінавачваюць па частках 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
Справу прызначаны разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў.
Леанід Судаленка – вядомы праваабаронца і юрыст, з’яўляўся кіраўніком Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна". Пакінуўшы Беларусь ён адразу заявіў, што скіруе сваю дзейнасць на хутчэйшае вызваленне беларускіх палітвязняў.
“Ад званка да званка”: першая крымінальная справа праваабаронцы
Леанід Судаленка – адзін з першых праваабаронцаў, які пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года патрапіў пад крымінальны пераслед.
Яго затрымалі раніцай 18 студзеня 2021 г. па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, распачатай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. У той жа дзень таксама была затрымана валанцёрка "Вясны" Марыя Тарасенка, а праз некалькі дзён затрымалі яшчэ адну валанцёрку – Таццяну Ласіца.
3 верасня 2021 г. у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля распачаўся працэс. Суддзя Сяргей Салоўскі вынес пастанову, якой вырашыў праводзіць суд у закрытым пасяджэнні на працягу ўсяго разбіральніцтва. 3 лістапада 2021 Леаніда асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. А ў кастрычніку 2022 года МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
21 ліпеня 2023 года праваабаронца выйшаў на волю з ПК № 3, цалкам адбыўшы тэрмін і выехаў з краіны. Час паказаў, што недарэмна.
“Завочны суд будзе наўпрост супярэчыць Асноўнаму закону краіны”
Ужо знаходзячыся за мяжой Леанід даведаўся пра ўзбуджэнне супраць яго спецыяльнай вытворчасці. 1 лістапада 2023 года Гомельскі раённы СК ўзбудзіў новую крымінальную справу. Леаніду інкрымінаваныя часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса (“садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”).
Праваабаронца адразу даслаў следчым паперу, дзе пазначыў, што праз рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць краіну і пераехаць у Літву, і пакінуў ім свой літоўскі нумар мабільнага для сувязі. Аднак ніхто яму не адказаў: ні следчыя, ні адвакат, якога прызначыла дзяржава:
"Зразумела, што мне ніхто не напісаў і не пазваніў, толькі прайшлі вобшукі ды наклалі арышт на зямельны ўчастак. Не прайшло і паўгады, як яны скончылі справу і перадалі ў суд. Але ж тым самым, яны нават парушаюць свае ж правілы спецвытворчасці. Паводле п. 2 ч. 2 арт. 468-25 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу спецвытворчасць можа праводзіцца пры выкананні адначасова наступных умоваў. Адна з іх: замежнай дзяржавай адмоўлена ў выдачы абвінавачанага для ажыццяўлення крымінальнага пераследу альбо на працягу шасці месяцаў з моманту накіравання Генеральнай пракуратурай органу замежнай дзяржавы просьбы аб выдачы асобы для ажыццяўлення крымінальнага пераследу не атрымана згода замежнай дзяржавы на выдачу абвінавачанага.
Як бачым, шэсць месяцаў на запыт аб маёй выдачы ці адмове ў гэтым скончваюцца толькі 1 траўня, нават пры ўмове, калі яны ў першы дзень пасля ўзбуджэння справы накіравалі ў Літву запыт аб маёй экстрадыцыі ў Беларусь".
Затым Судаленка накіраваў абласному суду ў Гомелі хадайніцтвы аб адводзе суддзі і адваката, а таксама заявіў аб сваім удзеле ў справе з дапамогай вэб-канферэнцыі.
Напачатку чэрвеня праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся ў Канстытуцыйны суд РБ, каб паўплываць на практыку завочных судоў у краіне.
"Па Канстытуцыі (артыкул 15) беларускае правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці ў працэсе. Мяне праз палітычныя рэпрэсіі дэпартавалі з краіны, і, калі вярнуся, рэпрэсіі працягнуцца, – адзначае праваабаронца. – Завочны ж прысуд пазбавіць мяне гарантый спаборнасці і роўнасці бакоў, што будзе наўпрост супярэчыць Асноўнаму закону краіны. Судовы прысуд не можа адмяняць канстытуцыйныя гарантыі. Урэшце ў мяне такі ж беларускі пашпарт, як і ў галоўнага суддзі краіны і ў ім напісана, што я знаходжуся пад абаронай дзяржавы".
"Парушаюць свае ж правілы спецвытворчасці". Справу супраць Леаніда Судаленкі перадалі ў суд
Крыніца: Праваабаронцу Леаніда Судаленку завочна судзяць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці