20.06.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Улады ліквідавалі найстарэйшую жаночую арганізацыю Віцебска
Суддзя Віцебскага абласнога суда Вольга Іллюшонак 19 чэрвеня пастанавіла пачаць ліквідацыю Беларускага грамадскага аб'яднання жанчын «Ульяна». Ініцыятарам закрыцця ГА стала кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі краіны, піша "Віцебская вясна".
БГА "Ульяна" больш за 26 гадоў аб'ядноўвала актыўных жанчын для таго, каб іх энергію накіраваць на рэалізацыю грамадска значных праектаў па аказанні дапамогі жанчынам, дзецям і сем'ям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Практычна ўсе праекты былі рэалізаваны сумесна з мясцовымі органамі выканаўчай улады.
У Менску ліквідуюць аб’яднанне “Разам”
Менскі гарадзкі суд 19 чэрвеня разглядаў пазоў Міністэрства юстыцыі з патрабаваннем ліквідаваць грамадскае аб’яднанне садзейнічання беларуска-расейскай інтэграцыі «Разам». Вынікі разгляду пазову пакуль невядомыя.
Паводле звестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), арганізацыю зарэгістравалі 1 сакавіка 1999 году.
Затрыманы выкладчык мінскага ўніверсітэта
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчыну затрымалі ў ягоны дзень народзінаў — 20 чэрвеня яму споўнілася 32 гады.
У «пакаяльным відэа» выкладчыка прымусілі сказаць, што ён нібыта адправіў у «Чорную кнігу Беларусі» інфармацыю пра супрацоўніка АМАПа і аднаго з выкладчыкаў.
Палітвязня Руслана Волкава могуць перавесці на турэмны рэжым
Руслана Волкава затрымалі 4 чэрвеня 2021 года ў Іўеўскім раёне пры спробе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу, каб перабрацца ў Еўрасаюз. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" (арт. 293 КК) у Брэсце ў жніўні 2020 года.
8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Руслану прызначылі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.
Стала вядома, што 1 ліпеня ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Руслану рэжыма ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Віталь Лапко.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Руслан Ісаевіч Волкаў
Крыніца: Ліквідацыя грамадскіх арганізацый, новыя затрыманні: хроніка пераследу 20 чэрвеня