20.06.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі Завочны суд у дачыненні да галоўнага дарадцы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі пачаўся 31 траўня ў Мінгарсудзе. Прысуд вынесла суддзя Валянціна Зянькевіч, вядомая вынясеннем палітычна матываваных прысудаў, у прыватнасці, у 2023 годзе па "справе tut.by".
Вячорку прызначана 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 1500 базавых велічыняў, што складае 60 тысяч рублёў.
35-гадоваму палітыку было інкрымінавана дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), ч.1 і 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, у тым ліку паўторна), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Акрамя таго, яму прад'явілі пазоў «у інтарэсах дзяржавы» аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў суме больш за 30,9 млн рублёў, «прычыненай супрацьпраўнымі дзеяннямі».
Крыніца: Франаку Вячорку прызначылі 20 гадоў пазбаўлення волі