24.06.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22-24 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Дваіх мінчукоў затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту
На «пакаяльным відэа» яны «прызнаюцца» ва ўдзеле ў паслявыбарчым маршы 6 верасня 2020-га году.
Палітвязню Дзмітрыю Слуку хочуць узмацніць пакаранне
Дзмітрыя Слуку накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калонію № 3. Па ініцыятыве адміністрацыі Дзмітрыю хочуць узмацніць пакаранне. Суд па замене рэжыма ўтрымання на турэмны адбудзецца ў Віцебску сёння, 24 чэрвеня. Рашэнне будзе прымаць суддзя Міхаіл Зубеня.
Палітвязня затрымалі 10 лютага 2023 года. Пасля 10 сутак у ІЧУ на Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА. Яго абвінавацілі ў "фінанасаванні тэрарыстычнай дзейнасці" паводле арт. 290-1 КК.
Паводле следства, Дзмітрый "перавёў крыптавалюту на віртуальны кашалёк тэрарыстычнай арганізацыі ў суме эквівалентнай 2 160 даляраў ЗША, што на момант здзяйснення злачынства склала не менш за 5,4 тыс. рублёў". Суд прызначыў яму 8 гадоў і 6 месяцаў калоніі са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (11,1 тыс. рублёў).
Каталіцкі святар Анджэй Юхневіч не выйшаў на волю пасля 45 сутак — ён арыштаваны чацвёрты раз запар
Пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Шуміліне, санктуарыя Божай Маці Фацімскай, айцец Анджэй Юхневіч не выйшаў на волю з віцебскага ІЧУ пасля адбытых 45 сутак арышту. Гэты тэрмін скончыўся 22 чэрвеня. Вядома, што тэрмін зняволення святара з Шуміліна падоўжаны да 2 ліпеня. З перадач яму дазволеныя толькі лекавыя сродкі, піша katolik.life.
Такім чынам, пробашч з Шуміліна знаходзіцца за кратамі звыш 45 сутак — даўжэй за ўсіх рыма- і грэка-каталіцкіх святароў, якіх асуджалі на адміністрацыйны арышт у Беларусі.
Крыніца: Каталіцкі святар арыштаваны чацвёрты раз запар: хроніка пераследу 22-24 чэрвеня