25.06.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя, спецвытворчасць Юрый Шчучко. Скрыншот з відэа. Суд Рэчыцкага раёна 25 чэрвеня ў парадку спецвытворчасці пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 45-гадовага мясцовага актывіста Юрыя Шчучко. Як пазначана ў раскладзе судовых пасяджэнняў, працэс будзе весці суддзя Іван Цалкоў, які да нядаўняга часу з’яўляўся старшынёй суда Лоеўскага раёна.

Рэчыцкага актывіста абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • арт. 188 (“паклёп”);
  • ч. 3 арт. 203-1 (“незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных”);
  • ч. 1 і 2 арт. 340 (“загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы”);
  • ч. 1 арт. 366 (“гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі доўг”);
  • ч. 1 арт. 368 (“абраза Аляксандра Лукашэнкі”);
  • арт. 369 (“абраза прадстаўніка ўлады”);
  • арт. 391 (“абраза суддзі альбо народнага засядацеля”).

Спецыяльная вытворчасць у адносінах да Юрыя Шчучко была распачатая Рэчыцкім раёным аддзелам СК першага сакавіка.

Вядома, што Юрыя Шчучко за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрымалі ў Рэчыцы 30 жіўня 2020 года і пасля двух сутак аштрафавалі на 15 базавых велічынь. Асцерагаючыся далейшага пераследу, у верасні 2020 года Юрый Шчучко з'ехаў з Беларусі.

Спачатку жыў ва Украіне, дзе займаўся грамадскай дзейнасцю, а пасля ўварвання туды расійскіх войскаў пераехаў у Польшу.

У суд таксама перададзена завочная справа знаёмай Юрыя – рэчычанкі Бажэны Жолудзь. Папярэдняе расследаванне было завершана 4 чэрвеня. Яе абвінавачваюць па некалькіх крымінальных артыкулах.

Крыніца: Пачынаецца завочны суд над рэчыцкім актывістам Юрыем Шчучко