26.06.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25 - 26 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі" шэраг ініцыятыў і праектаў
Гаворка пра грамадскую арганізацыю «Білорусь 2.0 Робімо Разам», вайсковы клуб «Літвіны», праекты «Media IQ» і «Обычное утро».
Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» на падставе рашэння КДБ ад 18 чэрвеня. Таксама ведамства пералічыла прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да вышэйзгаданых ініцыятыў:
• «Білорусь 2.0 Робімо Разам» — Бульба (Чыслаў) Сяргей, Мартынава Таццяна, Верамейчык Васіль, Кучараў Міхаіл, Кушнераў Андрэй, Шарапін Павел, Юрчанка Сяргей, Пашкевіч Вольга, Дулеба Іосіф.• «Літвіны» — Шалыгін Сяргей, Барадзіч Сяргей, Мацкевіч Міхаіл, Клачко Аляксандр, Пуцыковіч Аляксандра, Чапега Сяргей.• «Media IQ» — Белахвосцік Надзея, Худанаў Аляксей, Глухава Дар'я, Быкоўскі Павел, Верашчагіна Алена, Сайфулаеў Антон, Піткевіч Паліна, Шунтаў Аляксей, Шарко Ала, Малішэўскі Віктар.• «Обычное утро» — Місуно Канстанцін, Лабунская Людміла.
Тэлеканал "Белсат" будзе заблакаваны ў Расіі
Крэмль уводзіць забарону на вяшчанне і блакіроўку ў Расіі больш чым 80 замежных СМІ, піша @motolkohelp.
У пералік патрапіў і беларускі тэлеканал «Белсат», а таксама спадарожнікавы пакет «Svoboda Satellite Package» і іншыя СМІ, якія базуюцца ў краінах ЕС.
Студэнта затрымалі за каментары пра чырвона-зялёны сцяг і жаданне ваяваць за Украіну
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з хлопцам, які пісаў каментары ў адкрытым тэлеграм-чаце 9-класнікаў.
Затрыманы «прызнаецца» ў тым, што пісаў пра чырвона-зялёны сцяг, прадстаўнікоў улады і Лукашэнку.
Ён таксама казаў аб тым, што хоча паехаць ва Украіну і ваяваць супраць расіян.
Затрымалі беларуса, які абурыўся Z-сімволікай у Брэсце
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Яны сцвярджаюць, што мужчына ўжо знаходзіцца ў ізалятары.
Днямі ў TikTok з'явілася відэа, дзе жыхарка Брэста абурылася таму, што па горадзе ходзяць людзі са сцягамі «Za Россию» і «ЧВК Вагнер» — беларуска хацела высветліць, хто яны такія і чаму ходзяць з такой сімволікай па Брэсце. Да яе далучыўся хлопец, які праходзіў міма, — яго таксама абурыў гэты факт.
Брэсцкі ГУБАЗіК пачаў паляванне на беларусаў за абурэнне Z-сімволікай — хлопец затрыманы, жанчына паспела з'ехаць за мяжу.
Кнігі палітзняволенага Паўла Севярынца прызнаныя "экстрэмісцкімі"
Гаворка пра кнігі Паўла Севярынца «Каменнае сэрца», «Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі», «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца сьвятла». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Кастрычніцкага раёну Мінска 20 чэрвеня.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
Telegram-каналы і чаты «ПослеЗавтра», «все останутся, а я умру»;
Instagram старонка «bessmertnii7291»;
Старонка ва «Укантакце» «Илья Миронов»;
Facebook-старонкі «Беларусы Беластоку», «Полоцк, Новополоцк – Новости Полотчины»;
TikTok-старонкі «Хартия97», «Based Belarus», «Aleksandra», «граннеуружовайпанаме».
Крыніца: Новыя "экстрэмісцкія фармаванні" і затрыманні: хроніка пераследу 25-26 чэрвеня