28.06.2024 Тэгі: ААН, праваабаронцы, катаванні Камітэта ААН супраць катаванняў падрыхтаваў штогадовы даклад, у якім будуць прадстаўлены вынікі канфідэнцыйнага расследавання па Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі. Адным з ініцыятарам гэтага расследавання выступіў Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў верасні 2020-года. 

zatrymanne_katavanni_912.jpeg
Ілюстрацыйнае фота

Штогадовы даклад Камітэта, які будзе прадстаўлены ў гэтым годзе, змяшчае вынікі канфідэнцыйнага расследавання палітыкі ўладаў Беларусі ў дачыненні да затрыманых і зняволеных турмаў. Аўтары дакумента прыйшлі "да неабвержнай высновы", што ўжыванне катаванняў з'яўляецца сістэматычнай практыкай у Беларусі.

Паведамляецца, што расследаванне пачалося ў верасні 2020 года, калі дзве няўрадавыя арганізацыі прадставілі ў Камітэт дакумент пад назвай "Заява аб неабходнасці расследавання сістэматычнага прымянення катаванняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Адна з арганізацый — Праваабарончы цэнтр "Вясна".

У ліпені 2021 года Камітэт пацвердзіў, што атрыманая інфармацыя з'яўляецца дакладнай і змяшчае абгрунтаваныя высновы. У 2022 годзе члены Камітэта абмяняліся лістамі і правялі шэраг сустрэч з Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН. У ліпені 2022 года было пачата канфідэнцыйнае расследаванне. У 2023 годзе адбыўся абмен думкамі паміж Камітэтам і ўрадам Беларусі. 

Высновы Камітэта супраць катаванняў будуць прадстаўлены Генеральнай Асамблеі ААН. 

Камітэт супраць катаванняў складаецца з дзесяці незалежных экспертаў, якія ажыццяўляюць маніторынг выканання дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Усе дзяржавы-ўдзельніцы Канвенцыі абавязаны рэгулярна прадастаўляць Камітэту даклады аб ажыццяўленні адпаведных правоў.

Крыніца: Камітэт ААН супраць катаванняў прадаставіць вынікі канфідэнцыйнага расследавання ў Беларусі