29.06.2024 Тэгі: палітвязні, вайна ва Украіне Увечары 28 чэрвеня пяць палітзняволеных грамадзян Украіны апынуліся дома — іх вызвалілі па абмене з беларускіх калоній і следчага ізалятара. Умовы абмену не паведамляюцца, але вядома, што гэтаму паспрыяў Ватыкан. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў раптоўнае вызваленне палітзняволеных украінцаў з беларускіх месцаў няволі.
"Мы вітаем вызваленне палітвязняў і пагаджаемся з тым, што шлях на свабоду палітвязняў можа быць самым розным. У дачыненні да людзей, якія былі асуджаныя за "шпіянаж" і "агентурную дзейнасць" з грубейшымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага правасуддзя мы, праваабаронцы, патрабавалі перагляду прысудаў з устраненнем парушэнняў. Таксама мы патрабавалі іх вызвалення да гэтага перагляду, улічваючы сітуацыю з палітвязнямі ў месцах пазбаўлення волі Беларусі.
Мы падкрэсліваем, што ў зняволенні застаюцца яшчэ некалькі грамадзян Украіны, асуджэнне якіх звязана з рэалізацыяй імі правоў і свабод і ў тым ліку абумоўлена вайной, якая ідзе ва Украіне. Мы таксама нагадваем пра дзясяткі беларусаў і беларусак, адвольна асуджаных у сувязі з іх антываеннай пазіцыяй або падтрымкай барацьбы Украіны з расейскай агрэсіяй. Вызваленню гэтых людзей павінны і, як мы бачым, могуць спрыяць украінскія ўлады".
Пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмене. Распавядаем, што вядома пра іх
Крыніца: Праваабаронца "Вясны": "Шлях на свабоду палітвязняў можа быць самым розным"