02.07.2024 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы, умовы ўтрымання, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі Праз паўтара тыдня — 14 ліпеня — будзе трэцяя гадавіна, як за кратамі ўтрымліваецца заснавальнік і старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. За гэты час у Беларусі за праваабарончую дзейнасць яго асудзілі да 10 гадоў зняволення, а ў свеце яго ўклад у абарону правоў чалавека адзначылі Нобелеўскай прэміяй міру. З траўня мінулага году Алесь Бяляцкі адбывае свой тэрмін у горацкай калоніі № 9, дзе сутыкаецца з ціскам. "Радыё Свабода" дазналася падрабязнасці пра ўмовы ўтрымання праваабаронцы.
Паводле крыніцы Свабоды, у красавіку-траўні Алеся Бяляцкага вярнулі з памяшкання камернага тыпу (ПКТ) горацкай калоніі ў атрад, але адміністрацыя калоніі па-ранейшаму ставіцца да палітвязня звышпільна. У ПКТ ён утрымліваўся з пачатку лістапада 2023 года.
"Ведаем, што ён зноў ходзіць на працу, на дрэваапрацоўку. Бывае, што на яго накладаюць спагнанні, пазбавілі перадач, бываюць і больш сур’ёзныя пакаранні — неяк сядзеў у ШІЗА. Увага да яго пасля вяртання з ПКТ не стала слабейшай", — паведаміла крыніца.
Паводле крыніцы "Радыё Свабоды", Алесь Бяляцкі не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў. Апроч гэтага, ніводнага разу ў палітвязня не было відэазванкоў са сваякамі. Толькі зрэдку на волі ад яго атрымліваюць лісты і паштоўкі. Пра стан здароўя Алеся Бяляцкага новай інфармацыі няма.
"Вядома, што ў выніку былой адседкі ў бабруйскай калоніі праблемы са здароўем узніклі і працягваюцца. Як ён іх вырашае, невядома. Але нібыта ў лякарню не трапляў. Дакладна вядома, што яму немагчыма перадаць лекі, значыць, застаецца спадзявацца толькі на тое, што можа атрымаць у медычнай частцы калоніі", — распавяла крыніца.
Пра псіхалагічны стан палітвязня вядома, што ён захоўвае роўны, нармальны настрой, стрыманы ў выказваннях, ацэнкі дае рэалістычныя, паведаміла пра Алеся Бяляцкага крыніца, якая кантактавала з абазнанымі ў справах палітвязня людзьмі.
Тым часам, 2 ліпеня адбудзецца адкрыццё выставы прысвечанай двум палітзняволеным выбітным праваабаронцам, вязняў сумлення і лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму і Алегу Арлову. Яе арганізавалі "Маланка-Медыя", Праваабарончы цэнтр "Вясна", Russia-Libertés, Espace Libertés/Reforum Space Paris пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі рады.
"Я не баюся. Няхай яны баяцца!"
Крыніца: "Яму немагчыма перадаць лекі". Што вядома пра Алеся Бяляцкага