03.07.2024 Тэгі: палітвязні, гісторыі вязняў Другога ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, "датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці". Але тым не менш, некалькі палітычных зняволеных усё ж вызвалілі з месцаў няволі. Па стане на 18:30 праваабаронцам "Вясны" дакладна вядома пра пяцёх палітзняволеных, якія трэцяга ліпеня выйшлі на волю па амністыі. Сярод іх — дзве жанчыны і тры мужчыны, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых.
Тое, што палітзняволены Рыгор Кастусёў выйшаў на волю па амністыі, праваабаронцам пацвердзілі сваякі палітвязня. 67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымлівалі за кратамі больш за тры гады. Яго асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анказахворванне.
Інфармацыя пра іншых вызваленых правяраецца і ўдакладняецца.
Калі вам вядома пра людзей, якія выйшлі сёння па амністыі, калі ласка, паведамляйце праваабаронцам.
Дапаўняецца.
Крыніца: Па амністыі вызвалілі некалькі палітвязняў, сярод іх — Рыгор Кастусёў