06.07.2024 Тэгі: праваабаронцы, правы чалавека Аднадумцы, знаёмыя і сябры віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка, які раптоўна памёр 28 чэрвеня на чужыне, па хрысціянскай традыцыі памінанння, узгадваюць калегу і аддаюць даніну памяці ягонаму служэнню праваабарончым ідэалам.
Аляксей Колчын, праваабаронца "Вясны":
“Лявон даўно прысвяціў сваё жыццё праваабароне і аддана ішоў абраным шляхам, не хістаючыся і не збочваючы са сваёй дарогі. Якія б цяжкасці не падкідвала жыццё беларускаму праваабаронцу – ён заставаўся ў шэрагах тых, хто абараняе правы людзей і адстойвае справядлівасць.
Пасля таго, як працаваць ў Беларусі стала немагчыма, ён пакінуў краіну – для таго, каб працягваць рабіць сваю справу за межамі краіны. Леанід верыў, што некалі ён вернецца на Радзіму; скрушна, што ён гэтага не дачакаўся.
Ён сваю дарогу выбраў і з гэтага шляху нікуды не збочваў, за што яму можна толькі пакланіцца”.
Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:
“Не стала нашага калегі Леаніда Свеціка. Вялікі жаль і спачуванні ад мяне асабіста і ад БАЖа.
Леанід дзесяцігоддзямі бараніў правы чалавека на Віцебшчыне, спрыяў развіццю незалежнай прэсы ў Віцебскай вобласці. У розны час быў выдаўцом і рэдактарам некалькіх інтэрнэт-СМІ. А яшчэ Леанід пісаў вершы, якіх шмат засталося ў рукапісах і кампутарных нататках.
Асабіста блізка з Леанідам мы пазнаёміліся ў Кіеве, куды нас абодвух выкінулі рэпрэсіі летам 2021-га года.
Спачатку Леанід разам з Паўлам Левінавым базаваліся ў офісе ўкраінскіх калег на вуліцы Лютэранскай, роўна насупраць офіса Прэзідэнта Украіны, а потым мы разам з Леанідам і іншымі калегамі збіраліся адкрываць свой офіс і каворкінг для калег у Кіеве.
Сядзелі на кухні Схід SOS і абмяркоўвалі гэтыя планы. На жаль, не адбылося.
Апошні раз мы размаўлялі з Леанідам месяц таму. Дзякуй вялікі, Леанід, за Вашу працу. RIP.”
Павел Левінаў, праваабаронца БХК:
“Леанід Свецік не памёр, ён загінуў на полі абароны правоў чалавека. Шматгадовая дзейнасць Леаніда была звязана з праваабаронай. Ён быў адным з першых, хто на міжнародным узроўні даказаў парушэнне Рэспублікай Беларусь правоў чалавека.
Больш за 15 гадоў мне давялося працаваць бок аб бок з Леанідам, разам абараняць правы чалавека. Мяне захаплялі яго аналітычнае мысленне і разважлівасць. Упэўнены, што ў свабоднай Беларусі яго імем будзе названая вуліца ў Віцебску.
Мала хто ведае, што Леанід пісаў вершы, зборнік якіх стаіць у мяне на паліцы. Ён быў не толькі добрым таварышам, “братам па зброі" і паэтам, але і тым, хто любіць і клапатлівым мужам і бацькам. Леанід, знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі, цяжка перажываў расстанне з сям'ёй, што магло паскорыць яго гібель.”
Леанід Судаленка, былы палітвязень, праваабаронца:
“Ведаў Леаніда Свеціка каля дваццаці год, разам займаліся праваабаронай, ён у Віцебскім, я ў Гомельскім рэгіёнах. За гэта час у нас з ім было шмат агульных сустрэч, разам навучаліся на адукацыйным курсе па правах чалавека. Леанід адзін з першых беларускіх праваабаронцаў, які выйграў справу ў Камітэце ААН па правах чалавека, баронячы права на свабоднае выказванне меркавання.
Ён паслядоўна і прынцыпова адстойваў парушаныя правы беларусаў і, здаецца, праваабарона стала насычаным сэнсам ягонага жыцця. Кожны з нас пасля вымушанай эміграцыі стаў жыць у больш стрэсавым асяродку і гэта не дабаўляе нікому здароўя. Шкада, што ён развітаўся з намі так рана, не дачакаўся перамен, не паспеў даглядзець беларускае кіно да канца...”
Алена Маслюкова, праваабаронца “Вясны”:
“Мы з Леанідам даволі шчыльна камунікавалі па працы. А напярэдадні яго заўчаснага сыходу з жыцця ён мне тэлефанаваў увечары. На жаль, так балюча, што я не пачула званка і не змагла адказаць, пачуць ягоны голас. Днем мы перапісваліся, а назаўтра прыйшла сумная вестка.
Не магу сабе ўявіць, што яго больш няма сярод нас і так шкада, што мы губляем надзейных сяброў.
Для праваабарончай супольнасці вельмі сумная падзея, таму што сышоў з жыцця праваабаронца, даволі вядомы чалавек у нашай справе.
Лёня быў чалавекам прынцыповым, прамым, можа, часам казаў не тое, што хацелі б чуць, але ён гэта казаў шчыра, ад усяго сэрца, хварэў за справу. Відаць, таму сэрца і не вытрымала ў чалавека.
Згадваю яго заўсёды вельмі добрымі словамі, таму што мне не аднойчы даводзілася з ім раіцца і прасіць дапамогі. Я выказваю глыбокія спачуванні сваякам, бо ведаю, як гэта цяжка губляць родных, сяброў. Я жадаю ўсім “вясноўцам” здароўя і каб яны працягнулі справу, да якой быў датычны наш Лёня”.
Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца і публіцыст:
“Лявон Свецік быў вельмі прынцыповым праваабаронцам, шмат цярпеў ад пераследу мясцовых уладаў, але не ішоў на кампраміс, бараніў правы людзей і свае таксама. Усё гэта не змагло адбіцца на ўласным здароўі, а мігранцкі хлеб – вельмі цяжкі, вельмі горкі…
Леанід Свецік паспяхова цягам шмат гадоў бараніў правы людзей у Віцебску, дапамагаў ім, рабіў адзін з лепшых праваабарончых сайтаў, які прынцыпова быў па-беларуску, ледзь не адзіны. Канешне, гэта вялікая страта.
Апошнімі гадамі адышло некалькі знакавых рэгіянальных праваабаронцаў, гвардзейцаў праваабарончага руху і кожная такая страта вельмі балючая. Можна ўспомніць тут Сяргея Гоўшу з Баранавіч, Леаніда Мархотку з Салігорску, Віктара Раманішку са Светлагорска, Алега Гулака, лідара БХК. І вось чарговая незваротная страта.
Але мы, паплечнікі, іх сябры, знаёмыя павінны працягваць гэтую справу, несці наш асабісты крыж і агульны наш грамадскі і праваабарончы крыж. На жаль, вельмі цяжкі час, а хлеб эміграцыі вельмі горкі, нягледзячы на тое, што чалавек матэрыяльна ўладкаваны, але адарваны ад родных каранёў.
Трэба шанаваць паплечнікаў, сяброў, блізкіх людзей па поглядах і старацца іх падтрымліваць усялякімі спосабамі. Нельга апускаць рукі, трэба працягваць тую справу, якую рабілі праваабаронцы, якіх з намі, на жаль, ужо няма”.
Сяржук Сыс, праваабаронца, пісьменнік:
“Часта сустракаліся з Леанідам па працоўных пытаннях, разам удзельнічалі ў семінарах. Заўсёды знаходзілася хвілінка-другая, каб паразмаўляць пра жыццё і пра творчасць.
Яшчэ ў Крычаве, у родным ягоным горадзе Леанід выдаў у 2000 годзе маленечкім накладам свой першы паэтычны зборнік “Вначале было слово”. А ў 2006 годзе выйшла ягоная другая, больш удумлівая кніга “…А мимо вдаль уходят поезда”, якую пры сустрэчы ён падпісаў для мяне.
Што ўзгадваецца? У Леаніда быў няпросты, але цвёрды характар. Калі браўся за нейкую справу – абавязкова даводзіў яе да фіналу.
Яго хвалявала не толькі праваабарона ў класічным разуменні, ён таксама цікавіўся праблемамі рэгіёна, рыхтаваў звароты ў дзяржаўныя органы па “дармаедскім” дэкрэце, па замоўчванні інфармацыі пра эпідэмію COVID.
Шмат гадоў разам са сваёй камандай выдаваў "Шэрую кнігу" – хроніку парушэнняў правоў чалавека. Гэта была фішка віцебскага рэгіёна.
Пасля ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну мы выехалі адтуль у розныя месцы: я – у Нямеччыну, ён – у Польшу. Памятаю, як аднойчы ён сустрэў мяне ў Варшаве на вакзале, каб прытуліць у сябе. Вакзал і Лёня… Гэтак застанецца ў памяць цяпер ужо навечна”.
Зміцер Казакевіч, журналіст, фрылансер:
“З Леанідам мы блізка знаёмыя былі недзе з 2016 года…а можа і раней. Доўгі час працавалі разам у Віцебску, часта сустракаліся.
Сыйшоў вось вельмі адказны, з цвярозым розумам, вельмі працавіты чалавек, які ў любых, нават самых складаных і нярвовых сітуацыях, даваў разумныя узважлівыя парады. І не толькі па працы, але і ў маім сямейным жыцці і побыце. Ён ніколі не лез наперад, застаючыся як бы ў цені, але заўсёды працаваў на сваю краіну, на Беларусь.
Ягоны сыход для мяне, ды і для ўсіх праваабаронцаў і грамадскай супольнасці – гэта вялікая страта”.
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага:
"Леанід шмат гадоў узначальваў віцебскае аддзяленне "Вясны", быў сябрам БАЖ, а таксама выпускніком адукацыйнай праграмы ILIA_By, назіраў за выбарамі, заўжды актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці, абараняў правы палітвязня Міхала Жамчужнага і сам ня раз адбываў арышт праз сваю праваабарончую дзейнасць. Леанід быў складальнікам "Шэрай кнігі" - хронікі парушэння правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне.
У выгнанні Леанід Свецік працягваў актыўную праваабарончую дзейнасьць.
БДПЧ выказвае спачуваньні родным і сябрам Леаніда".
"Вясноўцы" смуткуюць з прычыны раптоўнай смерці праваабаронцы Леаніда Свеціка
Леанід Свецік нарадзіўся ў Крычаве на Магілёўшчыне ў 1965 годзе. Скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага інстытута. Акрамя праваабарончай дзейнасці займаўся журналістыкай і літаратурай. Выдаў кнігу паэзіі “А мимо вдаль уходят поезда”. У розны час з’яўляўся сябрам Беларускага Хельсінскага камітэта, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Памёр 26 чэрвеня 2024 года ў Варшаве.
Крыніца: "Не паспеў даглядзець беларускае кіно да канца...": у вянок памяці Леаніду Свеціку