12.07.2024 Тэгі: акцыі, палітвязні, праваабаронцы, салідарнасць Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч Акцыя салідарнасці са зняволенымі сябрамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” адбылася напярэдадні трэцяй гадавіны з дня брутальнага затрымання старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і юрыста арганізацыі Уладзіміра Лабковіча 14 ліпеня 2021 года. Лідары арганізацыі знаходзяцца за кратамі амаль 1100 дзён.
У цэнтры Вільні на плошчы Кудзіркі 12 ліпеня сабраліся праваабаронцы, прадстаўнікі грамадскіх рухаў і актывісты, каб выказаць падтрымку калегам і ў чарговы раз звярнуць увагу на масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, наяўнасць вялікай колькасці палітвязняў і тыя нечалавечыя ўмовы, у якіх яны вымушаныя адбываць пакаранне за сваю дзейнасць.
Тры гады таму ў Беларусі адбыліся масавыя затрыманні праваабаронцаў, грамадскіх дзеячоў і журналістаў па ўсёй Беларусі. Наймацней яны закранулі “Вясну”: былі затрыманыя практычна ўсе сябры арганізацыі, якія на той дзень знаходзіліся ў краіне. Старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч, разам з дзясяткамі іншых вясноўцаў, пасля ператрусаў былі затрыманыя і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць.
"Насамрэч гэта вельмі змрочны дзень: у адначассе мы часова пазбавіліся найлепшых людзей нашай арганізацыі, яе лідараў, заснавальнікаў. Іх затрыманне моцна абяскровіла "Вясну". Мы дасюль вымушаныя жыць, думаючы пра нашах сяброў за кратамі. А сёння мы сабраліся разам, каб нагадаць і сабе, і беларусам, і жыхарам тых краінаў, дзе праводзяцца такія акцыі, аб тым, што зараз, у гэтую хвіліну ў Беларусі ў калоніях нізашто сядзяць выбітныя беларускія праваабаронцы, актывісты, дзеячы, нашыя сябры і калегі", – адзначае праваабаронца Канстанцін Старадубец.
Актывіст партыі “Народная Грамада” Аляксандр заўсёдны наведвальнік акцый салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі:
"Я заўжды выхожу на падобныя акцыі, і тым самым выказваю падтрымку палітвязням. Вельмі важна ўвесь час казаць грамадству аб тым што ў Беларусі шмат палітвязняў, іх катуюць у турмах і калоніях і таму, безумоўна, такія акцыі патрэбна праводзіць паўсюль".
Сёння, на фоне паведамленняў аб пагаршэнні здароўя палітзняволенага Алеся Бяляцкага Мэры Струзэрс, дырэктар рэгіянальнага офісу Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі, сказала:
"Рыхтуючыся адзначыць тры гады з дня затрымання Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў, мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя іх здароўем. Мы яшчэ раз патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і настойліва просім даць ім неадкладны доступ да адэкватнай медыцынскай дапамогі, іхных адвакатаў і сваякоў".
Вільня: пікет салідарнасці з затрыманымі два гады таму праваабаронцамі "Вясны"