16.07.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За антываенную татуіроўку затрымалі беларуску — на яе данеслі госці "Славянскага Базару"
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
На руцэ ў дзяўчыны была татуіроўка "х*й войне" — сілавікі назвалі гэта "лозунгам з экстрэмісцкіх рэсурсаў".
Затрымалі старэйшага спецыяліста па тэсціраванню мінскай IT-кампаніі
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчай акцыі пратэсту, падпісках на "экстрэмісцкія" рэсурсы, а таксама ў данаце ў памеры 15 долараў фонду "BYSOL". Паведамляецца, што за гэта затрыманага прымусілі "добраахвотна" пералічыць нейкую суму грошаў адной з медустаноў.
Як мы адзначалі раней, ГУБАЗіК мае два сцэнары ў дачыненні да затрыманых за палітыку беларусаў — калі чалавек шмат зарабляе, то яны пішуць "чаго яму не хапала ў жыцці", а калі не — то "як ён збіраўся змяняць краіну, калі не можа змяніць сваё жыццё". У гісторыі з гэтым затрыманнем быў абраны першы сцэнар — мужчыну прымусілі назваць свой вялікі заробак у амаль 3000$.
Крыніца: Затрыманне за татуіроўку "х*й войне" і данаты ў BYSOL: хроніка пераследу 16 ліпеня