16.07.2024 Тэгі: палітыка, салідарнасць, WeStandBYyou У межах кампаніі #WeStandBYyou Беат Флах (партыя "Грунліберале", Швейцарыя), Вольга Рыхтэрава ("Чэшская пірацкая партыя", Чэхія) і Майкл Тонгі ("Зялёныя", Швейцарыя) сталі "хроснымі" Арцёма Караткевіча, Кацярыны Бруханавай і Руслана Завадзіча.

Beat-Flach-632x842.jpg

Арцём Караткевіч быў арыштаваны 9 чэрвеня 2023 года за мадэрацыю канала, які суд пазней прызнаў экстрэмісцкім. Арцёма асудзілі да чатырох гадоў калоніі нібыта за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім" (артыкул 361-1).

Беат Флах — сябра Нацыянальнай рады Швейцарыі і віцэ-прэзідэнт парламенцкай групы "Грунліберале". Ён становіцца "хросным" Арцёма Караткевіча і тлумачыць сваё рашэнне:

"Арцёма несправядліва асудзілі да пазбаўлення волі ў Беларусі. Толькі за тое, што той крытыкаваў адсутнасць дэмакратыі ў сваёй краіне. У справядлівым грамадстве ніхто не мусіць пераследвацца або быць зняволеным у турме за адстойванне асноўных правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў".

Olga-Richterova-632x843.jpg
Вольга Рыхтэрава

Кацярына Бруханава — грамадзянка Украіны, якая жыла ў Беларусі. Падчас памежнага кантролю ёй давялося паказаць свой мабільны тэлефон, і беларускія памежнікі выявілі, што Кацярына здымала перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі ў Беларусі ды дзялілася гэтымі відэа ў чаце. Пасля яна была арыштаваная і асуджаная да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі нібыта за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-4). Нядаўна Кацярына выйшла на волю дзякуючы абмену палоннымі і знаходзіцца ва Украіне з 28 чэрвеня 2024 года.

Вольга Рыхтэрава — сябра парламента ад "Пірацкай партыі" і віцэ-прэзідэнтка Палаты дэпутатаў Чэшскай Рэспублікі. Яна становіцца "хроснай" другі раз і падтрымлівае Кацярыну Бруханаву наступнай заявай:

"Наш былы прэзідэнт Вацлаў Гавэл мудра заўважыў, што "абыякавасць... адчыняе дзверы злу". Падобным чынам Ханна Арэндт пісала, што "зло квітнее ў апатыі". Мы ніколі не мусім станавіцца апатычнымі ды абыякавымі, калі бачым зло, якой бы бязвыхаднай ні падавалася сітуацыя. Павышаючы дасведчанасць, падтрымліваючы НДА і лабіруючы ўвядзенне санкцый, мы можам унесці свой уклад у тое, каб спыніць прыгнёт ва ўсім свеце. Падтрымка беларускіх палітвязняў — гэта самае малое, што я магу зрабіць, каб дапамагчы барацьбе беларусаў і беларусак, пазбаўленых сваіх свабодаў бессаромнымі ўладамі. Лёс такіх смелых маладых людзей, як Кацярына, заслугоўвае ўсёй нашай увагі і падтрымкі".

Michael-To%CC%88ngi-632x843.jpg
Майкл Тонга

Руслан Завадзіч працаваў валанцёрам у беларускай экалагічнай арганізацыі, якая займаецца абаронай мясцовых відаў птушак. Ён таксама зрабіў ахвяраванне ў дабрачынную арганізацыю, якая падтрымлівала палітвязняў у Беларусі. Руслана асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за яго ахвяраванні, якія прызналі "фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-2).

Майкл Тонгі — сябра Швейцарскай нацыянальнай рады ад партыі "Зялёныя". Ён салідарны з Русланам Завадзічам і заяўляе:

"Рэжым Лукашэнкі пераследуе людзей, якія не прымаюць рэпрэсіўныя ўмовы ў Беларусі, якія ім супраціўляюцца. Гэтыя смелыя людзі былі адвольна асуджаныя да турэмнага зняволення, як гэта здарылася з Русланам Завадзічам. Я бяру на сябе абавязкі яго "хроснага" і патрабую вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі".

Крыніца: Трое новых "хросных" са Швейцарыі і Чэхіі для палітвязняў у Беларусі