17.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Мінскім гарадскім судзе 26 ліпеня распачнецца суд па гучнай справе за "падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі пад куратарствам Кіева". Падрабязнасці справы агучваліся ў прапагандыскім фільме АНТ "Забойная пасылка" смерці: хто і як хацеў здзейсніць тэракт у Дзень Перамогі". Па справе праходзяць адразу пяць чалавек: 24-гадовы Валер Водзін, Андрэй Грыгор'еў, 30-гадовая Вікторыя Волчак, 25-гадовая Ганна Савачкіна і яе маці Таццяна Русак. У віну ім ставяцца такія цяжкія артыкулы: "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 2 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржмяжу Беларусі боепрыпасаў, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі). Агулам шэсць артыкулаў. Працэс у закрытым рэжыме будзе весці Сяргей Хрыпач, вядомымі сваімі жорсткімі прысудамі па палітычных справах.
- Зверху: Вікторыя Волчак і Валер Водзін. Знізу: Ганна Савачкіна, Таццяна Русак, Андрэй Грыгор'еў. Скрыншоты з фільма АНТ
15 траўня 2023 года на АНТ выйшаў прапагандысці фільм "Забойная пасылка" смерці: хто і як хацеў здзейсніць тэракт у Дзень Перамогі", дзе распавялі падрабязнасці справы. Там паведамлялася, што нібыта КДБ да Дня перамогі 9 траўня 2023 года "прадухіліў тэракт пад куратарствам Кіева". Там заявілі, што выбухоўка знаходзілася ў электрычных плітах, якія даслалі затрыманым праз пасылкі. Арганізатарам акцыі назвалі 23-гадовага беларуса Валерыя Водзіна, які ваяваў ва Украіне. Кур'ерамі сталі маладыя людзі, якіх цяпер будуць судзіць. Заяўлялася, што ўсе затрыманыя даюць прызнальныя паказанні.
У відэа распавялі пра тое, што пасылкі з электраплітамі, у якіх была выбухоўка, даставілі ў Мінскі пункт СДЭК у Каменнай Горцы 21 сакавіка 2023 года з Кіева праз Італію. 29-гадовая Вікторыя Волчак пацвердзіла на допыце, што яна атрымала пасылку — яе папрасіў атрымаць пасылку Валер Водзін. Студэнтка БДУ Ганна Савачкіна і яе маці Таццяна Русак узялі плітку ў Воўчак і закапалі яе на могілках у Калодзішчах. Другую плітку забраў зубны тэхнік Андрэй Грыгор'еў і адвёз у садовае таварыства "Аўтарамонтнік 124" пад Аляхновічамі.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз Уладзімір Атрашкоў заявіў, што ў плітках знаходзіліся пластычныя выбуховыя рэчывы масай каля двух кілаграм і электрадэнатары, якіх дастаткова, каб "сабраць некалькі выбуховых прылад".
Што характэрна, у фільме таксама паказалі сябра Ганны Савачкінай — Яўген Багданенка, але яго па гэтай справе судзіць не будуць. Лёс яго праваабаронцам невядомы.