17.07.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, затрыманні, валанцёры За апошнія тры з паловай месяцы Гарачая лінія "Вясны" @ViasnaSOS прыняла больш за трыста зваротаў. Яны — ад людзей ды іх сваякоў, а таксама сведак падзей, і тычацца тэмаў затрыманняў, арыштаў паводле палітычных матываў, просьбаў у юрыдычных кансультацыях паводле адміністрацыйных або крымінальных справаў, а таксама запытаў аб аказанні рознай дапамогі. "Вясна" распавядае пра тое, з якімі пытаннямі людзі звяртаюцца на "гарачую лінію" і якую дапамогу аказваюць валанцёры і валанцёркі.

viasna-sos-zausedy-pobach.jpg

Затрыманні і арышт

Часцяком гэтая катэгорыя зваротаў самая кароткая па сваім змесце. Валанцёры і валанцёркі тут спрабуюць дапамагчы знайсці чалавека і прапануюць розныя варыянты бяспечнай дапамогі затрыманым ды арыштаваным.

Вось некалькі прыкладаў такіх зваротаў:

*усе звароты прыводзяцца тут у абагульненым выглядзе і не з'яўляюцца прамымі цытатамі

"Жонку затрымалі на мяжы з Польшчай за падпіску на Zerkalo".

"Прыйшоў КДБ, правялі ператрус, затрымалі".

"Спачатку затрымалі на 10 сутак, затым сказалі, што затрыманы надоўга за экстрэмізм".

"Суседку затрымалі дома. Нешта палітычнае".

Адміністрацыйны працэс і юрыдычная дапамога

У якасці дапамогі для гэтай катэгорыі зваротаў прапануецца кансультацыя па позвах ды выкліках у органы, абскарджанням ды іншае.

Вось некалькі прыкладаў:

"Брат падазраваны. У чацвер выклікаюць на допыт. Чаго можна чакаць і як падрыхтавацца?"

"Мяне затрымалі на беларускай мяжы пасля прагляду тэлефона за лайк. Арыштавалі тэлефон, але лайк быў пастаўлены з іншай прылады. Сказалі, што тэлефон будзе пад арыштам. Ці легальны арышт тэлефона?"

"У майго сябра сёння быў ператрус, і ён не разумее, што цяпер рабіць, наколькі дрэнная сітуацыя. Як можна ў бягучай сітуацыі зразумець, наколькі кепскія справы, да чаго рыхтавацца і што варта рабіць?"

"Я знаходжуся ў Польшчы больш за тры гады. Хачу памяняць беларускае пасведчанне кіроўцы. Мне сказалі, што яго будуць адпраўляць у Беларусь. Ці не будзе ніякіх праблем праз гэтае?"

"А што будзе, калі прыехалі дахаты сілавікі, правялі ператрус, павезлі на допыт, але ў той жа дзень адпусцілі і не паведамілі, за што затрыманы. Чаго можна чакаць?"

"Ці ёсць нейкая працэдура паскоранай пошты, каб паведаміць зняволенаму СІЗА тэрміновую навіну?"

"Сёння быў у ГУБАЗ за стары данат. Прапанавалі варыянты: 1. Яўка з павіннай, кампенсацыя 1 000 еўра і нібыта вызваленне ад адказнасці 2. Узбуджэнне крымінальнай справы".

Крымінальная справа

Тут "Гарачая лінія" прапануе кансультацыі па розных аспектах крымінальнай справы.

"Прыйшлі дадому, абвінавацілі ў абразлівых каментарах. "Вылічылі" па IP-адрасе. Сказалі рыхтавацца да хатняга арышту, а затым да суду".

"Калі затрымалі мужа, дадому да яго прыехала яго мама, але сілавікі паглядзелі яе тэлефон і знайшлі ў ім заблакаваны бот плана "Перамога". Зыходзячы з іншых прэцэдэнтаў, што яе чакае?"

"Учора затрымалі сваяка. Затрымалі, выманіўшы паведамленнем пра нібыта падазроныя дзеянні банкаўскага рахунку, і прасілі прыехаць у банк. Следчы сказаў толькі, што "артыкул сур'ёзны".

"Нас падтрымлівалі беларусы прадуктамі з "Еўраопта". Але потым мяне выклікалі на допыт у якасці сведкі ў органы фінансавага расследавання. Я з'ехаў з Беларусі. Затым, са слоў суседзяў, да мяне прыйшлі з ГУБАЗіКа, зладзілі ператрус, запрасілі сведак. У час ператрусу знайшлі кружку з Пагоняй".

Запыт аб аказанні дапамогі

Тут валанцёры "Гарачай лініі" па запыце перанакіроўваюць чалавека на розную дапамогу, якую ён запытвае.

Напрыклад, псіхалагічную:

"Бацька сядзіць у турме, усё вельмі цяжка. Мяне наведваюць суіцыдальныя думкі. Мне падаецца, я не бачу выйсця. Мне складана гэта вынесці!"

Матэрыяльную:

"Я быў затрыманы, але мне ўдалося пакінуць Беларусь. Мне трэба пачынаць жыццё з нуля, можа вы падкажаце, у якія фонды можна звярнуцца па першую дапамогу для адаптацыі?"

Інфармацыйную:

"Падкажыце, якая колькасць палітвязняў на гэты момант, колькі загінула ў турме і колькі загінула на пратэстах?"

Другое:

"Ці небяспечна ехаць у Беларусь рабіць даверанасць?"

"Ці былі выпадкі затрымання, калі бярэш даведку аб несудзімасці ў пасольстве?"

"Ці можа кэдэбэшнік патэлефанаваць з польскага нумара?"

І, вядома, падзякі:

"Хачу яшчэ раз сказаць дзякуй за вашу падтрымку і дапамогу, гэта было вельмі каштоўна для мяне. Для мяне псіхалагічна было камфортна ўсведамляць, што вы ёсць і што можаце даць усю магчымую інфармацыю. Мне было страшна апынуцца ў такой сітуацыі, адчуваў параліч эмацыйны, а вы былі для мяне як ліхтарык у цёмным тунэлі ❤"

Гарачая лінія праваабарончага цэнтра "Вясна" працуе штодня з 9:00 да 21:00. Там вам раскажуць пра тое, як можна атрымаць дапамогу бяспечна. Звязацца з Гарачай лініяй можна, напісаўшы ў Telegram-акаўнт @ViasnaSOS.

"Да нас прыйшлі", "на брата завялі крыміналку"... з якімі запытамі звяртаюцца на гарачую лінію "Вясны"?

Гарачая лінія праваабарончага цэнтру "Вясна" (@ViasnaSOS) была створаная для аператыўнай кансультацыі і падтрымкі людзей, што сутыкнуліся з парушэннем правоў чалавека. Расказваем, з якімі запытамі туды звяртаюцца.

ViasnaSOS як "хуткая дапамога". 6 жніўня Гарачая лінія "Вясны" адзначыла сваё двухгоддзе

Створаная ў 2020-м, лінія за час свайго існавання прыняла тысячы зваротаў.

Крыніца: "Мяне затрымалі на мяжы..." Якія звароты паступаюць на гарачую лінію "Вясны"