18.07.2024 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, FIDH, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступілі з сумеснай заявай у трэцюю гадавіну затрымання вясноўцаў Уладзіміра Лабковіча, Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча. Арганізацыі ў чарговы раз заклікалі беларускія ўлады да неадкладнага і безумоўнага вызвалення зняволеных праваабаронцаў у Беларусі.
Абсерваторыя і "Вясна" асабліва ўстрывожаныя жудаснымі ўмовамі, у якіх утрымліваюцца Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Нядаўна стала вядома, што Алесю Бяляцкаму сістэматычна адмаўляюць у кантактах з сваякамі, якія толькі зрэдку атрымліваюць ад яго кароткія лісты. Сапраўды гэтак жа Алесь, відаць, не атрымлівае лістоў і перадач з волі, у тым ліку пасылак з медыкаментамі, якія адміністрацыя турмы адмаўляецца прымаць ад ягонага імя. У лістападзе 2023 года Алеся змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) прыкладна на шэсць месяцаў, з якога ён быў вызвалены ў красавіку або траўні 2024 года, і цяпер ён вымушаны выконваць знясільваючую працу на дрэваапрацоўчым заводзе. Стан яго здароўя застаецца невядомым.
Гэтыя звесткі адпавядаюць высновам Спецыяльнай дакладчыцы ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У сваёй апошняй справаздачы, апублікаванай у траўні 2024 года, яна заявіла, што "зняволеныя, асуджаныя паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, як паведамляецца, носяць спецыяльную жоўтую пазнаку, супраць іх ужываюць адвольныя абмежаванні на зносіны з сем'ямі ды адвакатамі, яны часта пераводзяцца ў "штрафныя ізалятары" (ШІЗА) і "памяшканні камернага тыпу" (ПКТ), сумна вядомыя бесчалавечнымі ўмовамі ўтрымання, дзе зняволеныя ўтрымліваюцца ў адзіночных камерах і без сувязі са знешнім светам", у якасці "дысцыплінарных санкцый за дробныя і надуманыя парушэнні распарадку".
У заяве гаворыцца, што Абсерваторыя і "Вясна" рашуча асуджаюць адвольнае зняволенне Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча і заклікаюць беларускія ўлады адмяніць іх прысуды, неадкладна і безумоўна вызваліць іх. Арганізацыі таксама заклікаюць беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць незаконна зняволеных чальцоў каманды "Вясны" Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка, а таксама ўсіх іншых праваабаронцаў і зняволеных у Беларусі, асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.
Арганізацыі падкрэсліваюць, што палітычна матываваны, адвольны ўціск і жорсткае абыходжанне з праваабаронцамі і палітычнымі зняволенымі ў беларускіх турмах у цэлым мусяць неадкладна спыніцца, і заклікаюць беларускія ўлады выконваць усе свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека.
Таксама абсерваторыя і "Вясна" заклікалі міжнародную супольнасць выкарыстоўваць усе даступныя захады для забеспячэння правасуддзя, падсправаздачнасці і кампенсацыі шкоды ўсім праваабаронцам, адвольна зняволеным у турму.
Крыніца: Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў і "Вясна" запатрабавалі вызвалення калег