19.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, ціск, рэпрэсіі Суд Рэчыцкага раёна ў парадку спецвытворчасці разглядзеў крымінальную справу ў дачыненні да 45-гадовага мясцовага актывіста Юрыя Шчучко. Як пазначана ў раскладзе судовых пасяджэнняў, працэс вёў суддзя Іван Цалкоў, які да нядаўняга часу з’яўляўся старшынёй суда Лоеўскага раёна. Яго завочна асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Рэчыцкага актывіста прызналі вінаватым паводле некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 188 (“паклёп”);
- ч. 3 арт. 203-1 (“незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных”);
- ч. 1 і 2 арт. 340 (“загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы”);
- ч. 1 арт. 366 (“гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі доўг”);
- ч. 1 арт. 368 (“абраза Лукашэнкі”);
- арт. 369 (“абраза прадстаўніка ўлады”);
- арт. 391 (“абраза суддзі альбо народнага засядацеля”).
Паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу, яму прызначылі два гады зняволення і штраф — чатыры тысячы рублёў. Тры месяцы арышту мужчына атрымаў паводле ч. 1 арт. 391 Крымінальнага кодэксу. Паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэксу, яго асудзілі да двух гадоў зняволення. Акрамя гэтага, Юрыя Шчучко прызналі вінаватым у двух загадзя ільжывых паведамленнях пра рыхтаваныя выбухі. Паводле арт. 340 Крымінальнага кодэксу, за першае такое паведамленне яму прысудзілі паўтара года зняволення (паводле ч. 1), за другое – адразу чатыры гады зняволення (паводле ч. 2). Паводле ч. 1 арт. 366 Крымінальнага кодэксу, Юрыю Шчучко прызначылі тры гады зняволення, яшчэ тры гады зняволення і чатыры тысячы рублёў штрафу яму прызначылі паводле ч. 1 арт. 366. Паводле ч. 1 арт. 203.1 Крымінальнага кодэксу, яму прысудзілі тры гады гады калоніі і штраф: чатыры тысячы рублёў. Паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу, яму таксама прызначылі адзін год калоніі.
У выніку мужчыну асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і шасці тысяч рублёў штрафу шляхам частковага складання ўсіх прысудаў.
Таксама ад Юрыя Шчучко хочуць атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды цэлы шэраг цяперашніх рэчыцкіх міліцыянтаў і жонкі некаторых з іх. Гэта 21 чалавек, кожнаму з якіх прысудзілі ад адной да шасці тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Так, ён мусіць выплаціць гомельскаму АМАП 51 рубель 68 капеек. Апроч гэтага, са Шчучко хочуць спагнаць 3557 рублёў у даход дзяржапарату.
Спецыяльная вытворчасць у адносінах да Юрыя Шчучко была распачатая Рэчыцкім раёным аддзелам СК першага сакавіка. Вядома, што Юрыя Шчучко за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрымалі ў Рэчыцы 30 жіўня 2020 года і пасля двух сутак аштрафавалі на 15 базавых велічынь. Асцерагаючыся далейшага пераследу, у верасні 2020 года Юрый Шчучко з'ехаў з Беларусі. Спачатку жыў ва Украіне, дзе займаўся грамадскай дзейнасцю, а пасля ўварвання туды расійскіх войскаў пераехаў у Польшу.
Крыніца: Пяць гадоў калоніі, 21 "пацярпелы" ў справе: адбыўся завочны суд над рэчыцкім актывістам