19.07.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, смяротнае пакаранне 19 ліпеня стала вядома, што месяц таму Мінскі абласны суд прызначыў 29-гадоваму супрацоўніку "Нямецкага Чырвонага крыжа" Рыка Крыгеру (Rico Krieger) выключную меру — смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу. Яго абвінавацілі паводле шасці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" атрымала пацверджанне з некалькіх крыніц вынясенню смяротнаму прысуду, але працягвае высвятляць дэталі. Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда каментуе справу і смяротны прысуд грамадзяніну Нямеччыны.
"Так, ужо можна гаварыць аб тым, што інфармацыя аб вынясенні смяротнага прысуду ў адносінах да грамадзяніна Нямеччыны знаходзіць сваё пацверджанне. Канешне, пакуль няма дэталёвых абставін справы. Як заўсёды, пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі пад завесай сакрэтнасці.
Тым не менш, ужо цяпер хачу звярнуць увагу на некалькі абставінаў якія робяць гэту справу выключнай.
Па-першае, упершыню за час дзейнасці кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" (з 2009 года) да смяротнага пакарання быў асуджаны замежныграмадзянін.
Я памятаю, які рэзананс быў у 2013 годзе наконт смяротнага прысуду ў адносінах да Эдуарда Лыкава, якога першапачаткова называлі грамадзянінам Расеі. Тады Расейская амбасада звярталася ў Беларускі МЗС. Адтуль сталавядома, што Лыкаў сапраўды з'яўляўся ўраджэнцам Масквы, мае там сям’ю, дзяцей, але ўсё ж з'яўляўся грамадзянінам Беларусі.
Па-другое, важным з’яўляецца той факт,што ўпершыню, наколькі нам вядома, да смяротнага пакарання асудзілі чалавека паводле ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму). Бо згодна са зменамі ў заканадаўства 27 красавіка 2022 года, такое магчыма нават праз "замах" на здзяйсненне злачынства. Яшчэ раз падкрэслім, што нам пакульневядомыя ўсе абставіны і акалічнасці справы, але гэта можа быць менавіта такі выпадак.
Улічваючы сітуацыю і трэнды ў судовай сістэме Беларусі, эксперты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"пасля зменаў у 2022 годзе звярталі ўвагу, што гэта падвышае рызыку таго, што смяротнае пакаранне будзе выносіцца адвольным, незаконным і дыскрымінацыйным чынам".
Адзначым, што паводле крымінальнага заканадаўства Беларусі смяротнае пакаранне можна прызначыць грамадзянам іншых краін — ніякіх абмежаванняў не існуе.
Супрацоўніку "Нямецкага Чырвонага крыжа" прызначылі ў Беларусі смяротнае пакаранне