22.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Полацкага раёна і Полацка 18 чэрвеня паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) вынеслі прысуд 38-гадовай рамесніцы і мастачцы Нэлі Алфёравай. Яе судзілі ў закрытым рэжыме як "асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне". 19 ліпеня яе прозвішча з'явілася ў "экстрэмісцкім спісе МУС", адкуль стала вядома, што ёй прызначаны "прымусовыя меры бяспекі і лячэння". Верагодна, падставай для крымінальнай справы сталі допісы палачанкі ў сацыяльных сетках. Працэс вёў Уладзімір Бясецкі. "Віцебская Вясна" распавяла падрабязнасці пераследу мастачкі з Польшы: пра выкарыстанне яе прапагандыстамі і вяртанне дадому з Польшчы.
Літаратурна-творчая асоба
Так Нэлі Алфёрава называла сябе ў сацыяльных сетках. Яна зарэгістравана рамесніцай, выстаўляла на продаж свае карціны і сувеніры. Пісала вершы і апавяданні для дзяцей. На сайце Полацкага дзіцячага прытулку можна знайсці інфармацыю пра навагоднюю сустрэчу з пісьменіцай Нэлі Алфёравай у 2018 годзе.
Паводле базы зваротаў у КДБ, якая з'явілася ў інтэрнэце, у 2016 годзе палачанка пісала туды заяву пра карупцыю ў Полацку. Быў і яшчэ адзін зварот у гэтую структуру – у 2017 годзе. Нэлі Алфёрава пісала, што «зацікаўлена ў працаўладкаванні», і дасылала сваё рэзюмэ. З допіса не зразумела, ці яна хацела ўладкавацца на працу менавіта ў Камітэт дзяржбяспекі, ці прасіла паспрыяць працаўладкаванню ў іншае месца.
Знаёмыя адзначаюць, што Нэлі – вельмі эмацыйная жанчына, якая не церпіць несправядлівасці і хваравіта на яе рэагуе. І дзеля адстойвання сваіх поглядаў здольная не адчайныя ўчынкі.
У 2019 годзе Алфёрава была ўдзельніцай выбараў у Палату прадстаўнікоў, балатавалася па Полацкай выбарчай акрузе № 27. Гэты факт дзяржаўныя прапагандысты прыгадаюць ёй пазней, у 2023 годзе.
Была неаднаразова пакараная па адміністрацыйных артыкулах пасля 2020 года
Праваабаронцам вядомыя некалькі фактаў адміністрацыйнага пераследу Нэлі Алфёравай. Пра некаторыя з іх Нэлі Алфёрава распавядала ў адным са сваіх відэазваротаў да Лукашэнкі і найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, дэталі іншых былі высветлены ў судах.
У 2020 годзе палачанка была назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах. На той час у сілавых структураў яна ўжо была на адмысловым уліку. 6 лістапада 2020 года ў Полацку праводзілі мітынг з нагоды адкрыцця адрамантаванага моста і вельмі баяліся правакацыяў. Супрацоўнікі міліцыі былі ў стане "боегатоўнасці" і папярэджвалі мясцовых актывістаў аб недапушчэнні правакацыяў.
Сілавікі прыйшлі да Алфёравай і сустрэлі яе каля дома. Яны былі ў цывільнай вопратцы і прыехалі на машыне без знакаў прыналежнасці да МУС. Калі адзін з мужчынаў пачаў задаваць ёй пытанні на вуліцы, яна праігнаравала іх і не спынілася, бо спяшалася ў краму. Жанчыну сталі гвалтам зацягваць у машыну, яна супраціўлялася і клікала на дапамогу. Нэлі Алфёраву завезлі ў РАУС і пратрымалі там пяць гадзін. У гэты час дома заставалася дзіця з інваліднасцю. Супраць палачанкі склалі два пратаколы – за "непадпарадкаванне міліцыі" і за "абразу службовай асобы". 3 снежня суддзя суда Полацка і Полацкага раёна Наталля Санковіч аштрафавала Алфёраву на 25 базавых велічыняў: на дзве базавыя велічыні за "непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі" (арт. 23.4 КаАП) і на 23 базавыя – за "абразу службовых асобаў" (арт. 23.5 КаАП).
5 кастрычніка 2021 года суд Полацка і Полацкага раёна прызнаў Нэлі Алфёраву вінаватай у "публічным дэманстраванні нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі" ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте". А таксама абвінаваціў яе ў "распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП). Жанчыне быў прысуджаны штраф памерам 40 базавых велічыняў.
Ад'езд у Польшчу і відэаролікі, скарыстаныя прапагандыстамі
Год таму на тэлеканале "Звязда" выйшла перадача "По ту сторону «змагарства»", дзе былі выкарыстаныя відэаролікі Нэлі Алфёравай, якая ў канцы 2021 года вырашыла з'ехаць з Беларусі. Жанчына з сынам паехалі ў Польшчу. У відэароліках яна распавядала пра праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца ў эміграцыі. Але дзяржаўныя прапагандысты перакруцілі яе гісторыю на свой лад: маўляў, "розныя фонды" абяцаюць беларусам пажыццёвае ўтрыманне ў замежжы, але не спраўджваюць абяцанні. І вось, маўляў, жанчына-беларуска сутыкнулася з неабходнасцю шукаць працу і жытло...
Нэлі Алфёрава наракала і на слабую падтрымку польскіх уладаў, і на беларускія дэмакратычныя сілы, дзейнасць якіх раней шчыра падтрымлівала. Знаёмыя эмігранты-беларусы прапаноўвалі жанчыне дапамогу, але яна адмаўлялася і пры гэтым "выглядала падаўленай, зломленай".
Вядучая праграмы на тэлеканале "Звязда" дзякавала Алфёраву за шчырасць і запрашала хутчэй вярнуцца дадому. Жанчына і насамрэч неузабаве вярнулася ў Беларусь.
Вяртанне ў Беларусь і крымінальная справа
Прыехаўшы ў Полацк, Нэлі Алфёрава працягвала пісаць у сацсетках пра бюракратыю ў дзяржаўных установах, з якой даводзілася сутыкацца. Параўноўвала стаўленне да людзей польскіх і беларускіх чыноўнікаў, прычым не на карысць апошніх. Крытыкавала стан полацкіх прадпрыемстваў, адгукалася на падзеі ў свеце.
Але сябры заўважалі, што допісы жанчыны часам бывалі сумбурныя, а ўчынкі – непрадказальныя, што яна скардзілася на псіхалагічнае знясіленне і шукала ад гэтага паратунку – чытала шмат літаратуры па псіхалогіі.
Напрыканцы 2023-га на старонках Нэлі Алфёравай перыядычна з'яўляліся тэксты з крытыкай дзейных беларускіх уладаў. І адначасова жынчына паведамляла пра тое, што яе патаемна пераследуюць, што ў сваёй кватэры яна знаходзіць схаваныя відэакамеры, а на вуліцы яе суправаджаюць віжы...
"Если продолжать допускать психически нездоровых людей до управления страной – это равно, что подписать казнь народу. Люди думайте, читайте, изучайте психологию, статистику псих.заболеваний, врачуйте себя и обяжите пройти тест – каждому из Президентов страны", – пісала Алфёрава летась у канцы лістапада.
Таксама ў сацыяльных сетках жыхаркі Полацка можна заўважыць шмат рэпостаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных "экстрэмісцкімі". Верагодна, супрацоўнікі міліцыі заўважылі гэта, а па затрыманні сталі шукаць падставаў для распачынання ўжо не адміністрацыйнай, а крымінальнай справы.
Апошнія допісы жанчыны ў сацыяльных сетках датаваныя пачаткам лютага гэтага года.
Праваабаронцы высвятляюць, з кім застаўся яе непаўналетні сын, які мае інваліднасць.
Крыніца: За "абразу прадстаўніка ўлады" мастачцы з Полацка прызначылі прымусовае лячэнне