22.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Брэсцкім абласным судзе 17 ліпеня вынеслі жорсткі прысуд 38-гадовай айцішніцы Наталлі Левай. За данаты суддзя Мікалай Сенько прызначыў жанчыне шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, яе аштрафалі на 1000 базавых велічыняў (40 тысяч рублёў) — амаль на такую суму, якую Наталля заданаціла ў ініцыятывы і фонды. Менавіта такое пакаранне запрасіла на судзе дзяржаўнае абвінавачванне. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Згодна версіі абвінавачвання, якую агучыла прэс-служба Генеральнай пракуратуры, Наталля Левая ў 2021-2022 гады перавяла на банкаўскія рахункі і віртуальныя кашалькі, "якія знаходзіліся ў карыстанні прадстаўнікоў экстрэмісцкіх фармаванняў, у тым ліку ўзброеных, напрыклад, "Полк Каліноўскага", грашовыя сродкі і крыптавалюту ў агульнай суме не менш за чатыры тысячы і чатырыста рублёў (на сёння гэта каля 1275 еўра).
Наталлю Левую прызналі вінаватай паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 361-1 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях) і арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (рэд. страціла моц у 2021-м).
Крыніца: Айцішніцу з Брэста асудзілі да 6 гадоў калоніі за данаты, у тым ліку "Палку Каліноўскага"