23.07.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Чарговы масавы «хапун» у Баранавічах — затрымалі адразу пяць чалавек
Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчай акцыі пратэсту 9 жніўня 2020-га году. "Медыязона" змагла знайсці старонкі ў сацсетках трох затрыманых. Там яны падпісаныя як Максім Громаў, Аляксей Пашкевіч і Аліна Сівец
Вайсковага аналітыка Ягора Лебядка змяшчалі на 10 сутак у ШІЗА
Нагадаем, суддзя Алена Міснік прызначыла палітвязню 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок «у мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі».
Ягор адбывае свой тэрмін у івацэвіцкай калоніі. Паводле інфармацыі MAYDAY, нядаўна палітвязень мінімум 10 сутак адбыў у штрафным ізалятары.
Сілавікі прыйшлі да родных вядучых TikTok-акаўнтаў «Люстэрка»
З імі запісалі «пакаяльныя відэа».
Паведамляецца, што ў дачыненні да вядучых узбуджаны шэраг дадатковых крымінальных спраў. Таксама былі праведзены ператрусы і накладзены арышты на маёмасць.
Крыніца: Ціск на сваякоў журналістаў, затрыманні ў Баранавічах: хроніка пераследу 23 ліпеня