25.07.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Цімафей (імя героя зменена з меркаванняў бяспекі) быў асуджаны да "хатняй хіміі" ў пачатку 2023 года. Некаторы час пасля суда ён адбываў пакаранне, знаходзячыся пад пастаянным прэсінгам уладаў. Пастаянныя праверкі ды ціск прывялі да новага суду і замены пакарання: замест "хатняй хіміі" мужчына адправіўся ў калонію. Пасля вызвалення Цімафей з'ехаў з краіны.
Ён распавёў "Вясне"пра тое, як у Беларусі адбываюць "хатнюю хімію" і ўмовы зняволення ў шклоўскай калоніі.
"Калі яны ўварваліся ў дом, то збілі маму з ног"
У 2020 годзе Цімафей, як і многія беларусы, браў удзел у акцыях пратэсту. Акрамя гэтага, ён пакідаў каментары ў сацсетках. Ужо ў 2022 годзе да яго на працу прыехалі супрацоўнікі міліцыі, канфіскавалі тэлефон і запытваліся, дзе ён знаходзіўся ў той ці іншы час. У яго ў кватэры таксама правялі ператрус. Праз месяц усё паўтарылася, толькі гэтым разам яго дома не аказалася: дзверы адчыніла мама сталага веку.
— Яна думала, гэта я нешта забыўся і вярнуўся дадому, — узгадвае Цімафей. — Таму яна не паглядзела ў вочка, а адразу адчыніла дзверы. Калі АМАП уварваўся ў дом у масках са шчытамі і ліхтарамі, якія мігацелі, то збілі маму з ног, пачалі патрабаваць сказаць, дзе я. А ў мамы хворае сэрца, потым яна доўга не магла ачуняць. Каб збіць ёй ціск, мы выклікалі хуткую. Пакуль я сядзеў, яна перажыла інфаркт на нервовай глебе.
Не папрасіўшы прабачэння, следчы пакінуў тэлефон і сказаў, што Цімафею лепш ператэлефанаваць яму, інакш усё адно знойдуць. Ён патэлефанаваў у той жа дзень, з ім груба пагаварылі і пакінулі ў РАУС на суткі.
— Мясцовы супрацоўнік міліцыі сказаў мне, што адмаўляцца бессэнсоўна, — распавядае Цімафей. — Ён параіў напісаць усю праўду — і тады я атрымаю максімум год умоўна. Я ва ўсім прызнаўся, праз суткі мяне адпусцілі і некалькі месяцаў не турбавалі.
"Яны прыходзілі практычна кожную ноч"
На суд Цімафей прыйшоў без адваката: знаёмыя папярэдзілі яго, што ў гэтым няма ніякага сэнсу. Мужчына называе суд "звычайным судзілішчам" і "пастановачным спектаклем" — у выніку яму прызначылі "хатнюю хімію". Ледзь толькі ён выдыхнуў, як зразумеў, што яго выпрабаванні толькі пачынаюцца.
— "Хатняя хімія" выкарыстоўваецца, каб зламаць і раздушыць чалавека, — кажа Цімафей. — Ты можаш выходзіць толькі на працу, вяртацца з яе можна да 19.00. Ні пад якой іншай падставай выходзіць з дому нельга нават на выходных. Супрацоўнікі міліцыі ладзяць пастаянныя праверкі, каб паглядзець, ці дома ты. Яны могуць прыехаць у любы час ноччу, і да арышту яны прыходзілі практычна кожную ноч. Калі ты спіш і не адчыніў дзверы — гэта парушэнне. Са словаў знаёмых, даходзіла да таго, што чалавек быў дома, яны ўключалі "дазор" (нагрудны прыбор у супрацоўнікаў міліцыі, які запісвае тое, што адбываецца — заўв. рэд.), рабілі выгляд, што націскалі на кнопку, хоць званка не было, запісвалі гэта як доказ таго, што чалавека не было дома — і ён аўтаматам атрымліваў парушэнне. Бывала, што мне грубілі з выключаным "дазорам", а потым дэманстратыўна ўключалі яго і казалі: "Выбачайце за непакой, усяго вам добрага". Яны разбівалі людзям сон і проста здзекаваліся з іх. Мэта гэтага была адна — засадзіць чалавека.
"Яшчэ ні адзін" хатні хімік "спакойна не дасядзеў свой тэрмін"
Так працягвалася два-тры месяцы пасля суда. Акрамя пастаянных візітаў, кожны тыдзень Цімафею трэба было наведваць сходы для такіх жа палітычных "хатніх хімікаў". На іх альбо абмяркоўвалі тэмы накшталт "як заслужыць прызнанне грамадства", альбо глядзелі беларускае тэлебачанне. Кожны панядзелак трэба было прыязджаць адзначацца ў мясцовае РАУС. За гэты час на Цімафея склалі тры пратаколы за парушэнні. Адно з іх здарылася, калі знаёмы мужчыны папрасіў яго схадзіць у аптэку па лекі для яго. Калі Цімафей вярнуўся, каля дома яго ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі.
"Нас каралі за тое, што забойцам і гвалтаўнікам сыходзіла з рук"
Пасля трох парушэнняў справу Цімафея зноў перадалі ў суд — так прайшоў новы працэс па замене пакарання на больш строгае. Мужчыну адправілі ў калонію, дзе ён правёў крыху менш за год.
— Мяне забралі праз 10 дзён пасля суда, — распавядае Цімафей. — Спачатку было РАУС, потым турма №8 у Жодзіне, пасля гэтага — ВК-17 у Шклове. Пакуль мы былі на каранціне, прыехалі супрацоўнікі калоніі, якія ведалі палітычных пайменна — незалежна ад таго, былі яны ў праваабарончых спісах палітвязняў ці не. І да нас пачаліся прыдзіркі: хтосьці не так пагаліўся, хтосьці не павітаўся або меў нейкую пляму на вопратцы.
Пасля двух тыдняў каранціну палітычных сабралі ў адной зале калоніі, яны па чарзе падыходзілі да супрацоўніка на трыбуне і адказвалі на пытанні, хто ты і што зрабіў. З гэтага сходу ўсе людзі выйшлі з жоўтымі біркамі — пасля каранціну іх усіх раўнамерна размеркавалі па атрадах.
— Жоўтая бірка азначае павышаную ўвагу да цябе, — тлумачыць Цімафей. — Кожную раніцу на пераклічку ў атрадзе заходзіў правяраючы, які аглядаў кожнага "жоўтабірачніка" ў надзеі, што хтосьці не пагаліўся або выглядаў нядбайна. Калі ішлі на сняданак, спынялі праз атрад і абшуквалі менавіта нас. Ты мог трапіць у ШІЗА, нават калі ў цябе знайшлі кавалак хлеба ў кішэні. У атрадзе палітычным забаранялася даваць нешта адно аднаму, аж да цыгарэты. Людзей, якія здавалі нас, чакала падзяка. Спаць у атрадзе мы маглі толькі на другім ярусе ложкаў.
"Гэта было свайго роду паказальным прыніжэннем"
Нейкі час Цімафей хадзіў у мясцовую больніцу. Лекары прызнаваліся, што ў іх няма патрэбных лекаў, таму толькі здымалі сімптомы або падлечвалі кропельніцамі. Мужчына распавядае, што для медычных работнікаў не было розніцы, хто за што сядзеў, яны ставіліся роўна да ўсіх. Кожны дзень палітычныя павінныя былі працаваць, і часцей за ўсё іх выклікалі на самыя складаныя працы. Яны мусілі хадзіць дапамагаць нават мяняць асфальт на тэрыторыі калоніі.
— Суцяшэннем там былі толькі царква, бібліятэка і стадыён, — кажа Цімафей. — Але ў пачатку лета 2023 года палітычных пазбавілі і гэтага. Двое нашых наогул запалі ў дэпрэсію, пасля таго як не змаглі хадзіць у царкву. Нельга было нават стаяць каля плота і размаўляць з кімсьці з суседняга атраду. А з самога атраду канфіскавалі ўсе кніжкі, якія звязаны з псіхалогіяй і маглі б хоць неяк умацаваць дух. Так званая папраўчая ўстанова накіравана не на тое, каб выправіць нас, а каб зламаць. Яны робяць усё, каб пасля вызвалення ты ператварыўся ў бязвольную масу — проста ішоў і выконваў тое, што табе сказалі, не маючы ўласнага меркавання.
Палітычных у калоніі ізалявалі і ад любых кантактаў са знешнім светам. Напрыклад, пазбаўлялі спатканняў за найменшую правіну, асобна вадзілі на тэлефанаванні. Маглі закінуць у ШІЗА спецыяльна, каб чалавек не трапіў у расклад тэлефанаванняў: некаторыя палітычныя не маглі звязацца з роднымі па месяцы. Палітычным зняволеным нельга было карыстацца пральнай машынкай або халадзільнікам, таму што яны прызначаліся толькі для "актыву", у які яны, вядома ж, не маглі патрапіць.
— У супрацоўнікаў калоніі была нядобрая звычка — ладзіць ператрусы, — узгадвае Цімафей. — Рабілі яны гэта хутчэй каб нашкодзіць, а не знайсці нешта забароненае. Напрыклад, у мяне быў пакецік з прыправай — яны яго адкрылі, каб яна высыпалася на рэчы і ўсё астатняе. Пакуначкі з кавай і гарбатай яны проста пратыкалі ручкай. Нашыя рэчы заўсёды былі раскіданыя на падлозе пасля такіх прыходаў, а ў іншых — проста перавернутыя.
Мы не перайшлі нават з чаравікаў на туфлі летам, усё лета я хадзіў у чаравіках. Нас каралі за тое, што забойцам і гвалтаўнікам сыходзіла з рук, ім прасцей жывецца на зоне. Можа быць, мяне менш чаплялі праз узрост, але маладыя хлопцы пастаянна сядзелі на ШІЗА па фармальных нагодах. Калі прыехалі нейкая міністарка ды іншыя правяраючыя, "жоўтабірачнікаў" схавалі наверсе, астатнія хадзілі па дворыку. Пытанні маглі задаваць толькі "выпадковыя" людзі з актыву. Нас, як звяроў, загналі далей, каб мы нідзе не хадзілі, не адсвечвалі. Акрамя гэтага, кожныя два месяцы нам прапаноўвалі пісаць на памілаванне.
"Я думаў, усё скончылася"
З калоніі ўсе палітвязні выходзяць "праз ШІЗА": гэта значыць, што яны павінны правесці там некалькі сутак. У ШІЗА пастаянна адкрыта фортачка і "кармушка", таму ты заўсёды знаходзішся там на скразняку. Пасцельнай бялізны там няма: людзі вымушаныя спаць на голых дошках. У Цімафея на нервовай глебе падняўся ціск, але медабслугоўвання ён не атрымаў.
"Ставілі на расцяжку і білі па нагах"
Былы палітвязень распавёў пра калонію № 17 і пераслед пасля вызвалення.
— Калі мяне выпусцілі, я зноў стаў на ўлік, — распавядае Цімафей. — Думаў, усё скончылася, але мне зноў трэба было адзначацца і наведваць лекцыі. Калі прапусціш — 15 сутак. У горадзе я не мог уладкавацца на працу ў дзяржаўныя арганізацыі, але ў прыватных усе разумелі і казалі, што я ўсё правільна зрабіў. Зноў пачаліся прыходы супрацоўнікаў міліцыі — праўда, гэтым разам не часцей за тры разы на тыдзень і не пазней за дзевяць вечара. Яны могуць прыехаць у суботу і нагадаць пра сход, а потым — яшчэ раз, толькі ў нядзелю. Гэта ўсё вельмі нервова, прычым ціснуць не толькі на палітвязняў, але і на іх сем'і. У дом да аднаго "палітычнага" пастаянна прыходзіў бацькоўскі камітэт, каб праверыць, у якіх умовах жывуць дзеці, а жонку даставалі на працы.
У такіх умовах Цімафей пражыў яшчэ каля паўгода, пасля чаго зразумеў, што яго не пакінуць у спакоі і вырашыў з'ехаць з краіны.
— Я ўсё адно буду мець свой пункт гледжання і прытрымлівацца яго, — тлумачыць мужчына. — Я выдатна разумею, што ў наступным годзе выбары і мне не дадуць спакойна жыць: будуць саджаць і хапаць пад любой падставай усіх, хто быў супраць, але будуць спрабаваць захаваць гэта ў таямніцы. Я з'ехаў і спадзяюся, што цяпер, прынамсі, яны пакінуць свае прыходы і пакінуць у спакоі маму, родных і суседзяў, да якіх яны прыходзілі з рознымі пытаннямі пра мяне. Цяпер я больш не веру ў мірны пратэст, мітынгі і лозунгі. Дзяржава разумее толькі мову сілы, а сістэма накіравана на тое, каб зламаць чалавека.
Крыніца: "Яны прыходзілі практычна кожную ноч": палітвязень — пра "хатнюю хімію" ў Беларусі