29.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў У судзе Камянецкага раёна па "справе карагодаў" 24 ліпеня асудзілі яшчэ двух чалавек: Крысціну Салаўёву і Геннадзя Клімашэвіча. Як піша "Берасцейская Вясна", паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ім прызначылі адзін год калоніі агульнага рэжыму і паўтара года калоніі з адтэрміноўкай выканання пакарання праз тое, што на ўтрыманні ёсць дзіця, якому менш за тры гады, адпаведна. Прысуд вынесла Галіна Прыхожка. Менавіта такое пакаранне і прасіў прызначыць пракурор.
Геннадзь Клімашэвіч быў змешчаны ў СІЗА задоўга да суда. Мужчына ўтрымліваецца пад вартай з канца красавіка 2024 года. Дома яго чакаюць двое непаўнагадовых дзяцей.
Па звестках "Берасцейскай Вясны", агулам па "справе карагодаў" асудзілі ўжо 139 чалавек. Праваабаронцы адзначаюць, што спярша за ўдзел у акцыі 13 верасня 2020 года пратэстоўцаў судзілі паводле артыкула 23.34 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства), а потым распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 342 КК.
Крыніца: У Камянцы па "справе карагодаў" двух чалавек асудзілі да калоніі