06.08.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

На беларуска-латвійскай мяжы затрымалі беларуса 

Сцвярджаецца, што мужчына быў адміністратарам шэрагу тэлеграм-каналаў, прымаў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту, пісаў абразлівыя каментары пра Лукашэнку і сілавікоў, а таксама даслаў інфармацыю пра свайго знаёмага ініцыятыве "Чорная кніга Беларусі".

Паведамляецца, што мужчына ехаў з Латвіі ў Беларусь. У сацсетках затрыманы падпісаны як Алекс Хахлоў.

У Беларусі ліквідуюць клуб гістарычнай рэканструкцыі "Рыцары Утрэмера" і "Гродзенскую гарадскую федэрацыю футболу"

Пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі міжнароднага грамадскага аб'яднання "Рыцары Утрэмера" будзе разглядацца 14 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе. Рашэнне будзе прымаць Інна Ігнавенка.

Таксама 16 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе адбудзецца працэс па ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Гродзенская гарадская федэрацыя футболу". Суддзя – Жанна Краўчанка.

Па даных Lawtrend, колькасць прымусова ліквідуемых некамерцыйных арганізацый складае на канец ліпеня 2024 года не менш за 1086 арганізацый.

Крыніца: Затрыманне на мяжы і ліквідацыя клуба гістарычнай рэканструкцыі: хроніка пераследу 6 жніўня