08.08.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, рэпрэсіі Сваім чарговым указам №298 Аляксандр Лукашэнка прызначыў на новыя пасады альбо на новы пяцігадовы тэрмін шэраг суддзяў. “Вясна” прааналізавала спіс і звярнула ўвагу на некаторых “служак Феміды”, чые прозвішчы найбольш часта сустракаюцца пад час палітычна матываваных крымінальных альбо адміністрацыйных працэсаў.

На чарговыя пяць год суддзёй Цэнтральнага раёна Гомеля прызначаны Сяргей Кармановіч, вядомы палітычна матываванымі прысудамі на Гомельшчыне.

karmanovich_suddzia.jpg
Сяргей Кармановіч

За перыяд з 2020 года ён вынес некалькі абвінаваўчых прысудаў удзельнікам акцый пратэсту і грамадскім актывістам. Сярод іх палітвязень Сяргей Яфімаў, асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса, былы палітвязень Дзмітрый Цімашэнка, асуджаны па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі, былы палітвязень Андрэй Аляшкевіч.

У 2021 годзе yа тры гады "хіміі" нібыта за абразу старшыні Гомельскага аблвыканкама Кармановіч асудзіў вакаліста гурта Gods Tower Уладзіслава Наважылава, а ў 2022 годзе – Дзяніса Самкова і Сяргея Алейніка за ўдзел у акцыях пратэсту якія адбываліся ў цэнтры горада ў верасні 2020 года паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Кармановіч таксама выносіў абвінаваўчыя прысуды Алене Нараленкавай, Андрэю Аляшкевічу, Ігару Альхову і зусім нядаўна палітвязню Дзмітрыю Багачэнку.

На сумленні гомельскага суддзі калі паўсотні пастаноў па адміністрацыйных справах, звязаных з пратэснай і журналісцкай дзейнасцю. Арышты і штрафы з яго рук атрымлівалі Яўген Меркіс, Ларыса Шчыракова, Анатоль Гатоўчыц, Уладзімір Няпомняшчых, Барыс Анікееў, Алена Літвінава і іншыя.

У Віцебску на падвышэнне пайшоў былы суддзя Чыгуначнага раёна Дзяніс Аляксеенка. Яго прызначылі намеснікам старшыні суда Першамайскага раёна. Вядома, што Аляксеенка ў кастрычніку 2021 асудзіў актывістаў «Краіны для жыцця» Алега Баразну і Аляксандра Мацеюка. За публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) прысудзіў “хімію” былой палітзняволенай Веры Струнінай.

Суддзя Дзяніс Аляксеенка. Фота з сайта
Суддзя Дзяніс Аляксеенка. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Ён неаднаразова выносіў адміністрацыйныя пастановы Таццяне Севярынец, Барысу Хамайду, а таксама Уладзіміру Мацкевічу.

Суддзёй Віцебскага абласнога суда прызначаны Юрый Урбан, які дагэтуль з’яўляўся намеснікам старшыні Першамайскага суда Віцебска.

Урбан толькі па вядомых праваабаронцам звестках за апошнія чатыры гады вынес 15 абвінаваўчых пастаноў па палітычна матываваных адміністрацыйных справах.

urban-jury.jpg
Суддзя Юрый Урбан.

Гэта ён прызнаў вінаватым былога палітвязня Паўла Дунаева  па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму два гады “хатняй хіміі”, а таксама асудзіў за абразу Лукашэнкі віцебскага фельчара Аляксея Мацявіна на 1.5 года калоні.

Увагу праваабаронцаў выклікаў і “падменны” суддзя з Маладэчна Вадзім Петрусевіч, які прызначаны “суддзёй суда Маладзечанскага раёна на час знаходжання ў сацыяльным адпачынку суддзі Ганны Салей, вызваліўшы яго ад пасады, якую займаў ў сувязі са знаходжаннем у сацыяльным адпачынку Ганны Кажура”.

У 2021 годзе ён судзіў былога палітвязня Сяргея Непагоду паводле ч. 2 арт. 363 КК (супраціў з ужываннем гвалту), прызначыўшы яму тры гады калоніі, чарнобыльца Васіля Крыцкага, хворую на сухоты Людмілу Самак, Ігара Беланожку, Арцемія Картавенкава нібыты за абразу Дзмітрыя Балабы.

petrusevich-chaiko-1.jpg
Суддзі Вадзім Петрусевіч і Кацярына Чайко

Суддзёй Мінскага гарадскога суда на пяцігадовы тэрмін прызначаная Кацярына Чайко, якая раней з’яўлялася суддзёй суда Партызанскага раёна Мінска.

У снежні 2020 года яна не задаволіла скаргу аб змене меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай.

З 2020 года разгледзела 23 палітычна матываваныя адміністрацыйныя справы, вынесла пастановы аб арыштах на 100 сутак, і штрафаў на суму 2835 рублёў.

Намстаршыні Мазырскага суда прызначылі Галіну Кніжонак, вядомую палітычна матываванымі прысудамі

На гэтую пасаду прызначылі яшчэ больш адыёзную суддзю Галіну Кніжонак, якая ў мінулым годзе трапіла ў топ самых рэпрэсіўных суддзяў Гомельскай вобласці, складзены праваабаронцамі “Гомельскай вясны”.

Крыніца: Сярод наноў прызначаных суддзяў – нямала датычных да палітычна матываваных рэпрэсій