14.08.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13-14 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Кліп на верш "На Родине моей беда" беларускага паэта Аляксандра Баля прызнаны "экстрэмісцкім"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Магілёва 6 жніўня.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Чижовка Протестная», «Чат Шабановского округа (Рио де Шабанейро)», «Контроль автозаков Минск», «Спортивная 97%», «Охотская», «Скинхеды наше спасение. I.R.S», «Дети Рейха», «No Future»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Народное посольство Беларуси в Литве», «Вольны Беларус», «Франак Вячорка»;
  • TikTok-старонка «belarus_bez_lukachenko».

За ўдзел у акцыі пратэсту затрымалі жыхара Камянца

На "пакаяльным" відэа ад 14 жніўня затрыманы кажа, што прытрымліваецца левых антыфашысцкіх поглядаў і нібыта разам з сябрам прыняў удзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту.

У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — праект "Пагоня Гродна" і ягоныя сацсеткі

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 13 жніўня.

Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае Дзяніс Чашчэвік.

Супраць мастачкі Віялеты Майшук распачалі спецвытворчасць — яе збіраюцца судзіць завочна

vijaleta-maiszuk.jpg
Віялета Майшук

27-гадовай Віялеце інкрымінавана ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Віялета — мастачка з Гомельшчыны, якая ў 2020 годзе праз палітычны пераслед мусіла пакінуць Беларусь.

Яе запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта ў Петрыкаве.

У Мінску затрымалі расійскага блогера Глебаса

На відэа ў мінскім метро блогер кажа, што "ў Мінску крыху сумнавата" і "ён хоча навесці мітусні". Пасля чаго гучна расказвае анекдот пра гамасексуалістаў і прыстае да жанчыны з пытаннем «не смешна?», паведаміла 13 жніўня "Медыязона".

На відэа з тралейбусам ён забягае ў кабіну кіроўцы і пытаецца, ці можна "паруліць".

У дачыненні да яго склалі пратакол па артыкуле аб дробным хуліганстве (артыкул 19.1 КаАП).

У Магілёве затрымалі кіроўцу

juryi-halaczkin.jpg
Юрый Галачкін

У "пакаяльным" відэа ад 13 жніўня паведамілі, што мужчына ўдзельнічаў у "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах", а таксама прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце "плана Перамога".

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — Юрый Галачкін.

Крыніца: Новыя затрыманні і "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 13-14 жніўня