16.08.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Мінінфарм абнавіў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі instagram-старонкі «franakviacorka» і «revivalbelarus», а таксама TikTok-акаўнт «shchyra_kazhuchy» і ягоны лагатып.

Жыхар Брэста затрыманы за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчыну днямі выклікалі ў Следчы камітэт, але ён адмовіўся туды ісці, пасля чаго і быў затрыманы.

Атрымалася высветліць інфармацыю пра жыхара Камянца, якога затрымалі на днях 

Затрыманы — 26-гадовы Ілля Каратышэўскі. На мінулым тыдні хлопец адзначыў свой Дзень Народзінаў.

Нагадаем, праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджалі, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Брэсце 10 жніўня 2020-га году. Крыху раней быў затрыманы ягоны сябар, які таксама нібыта прымаў удзел у пратэстах.

У Рэчыцы затрыманых за «экстрэмізм» адправілі ліквідаваць наступствы ўрагану 

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі інфармацыю пра тое, што ў ліпені затрымалі дваіх жыхароў Рэчыцы — 21-гадовых Вячаслава Садчанку і Данілу Кузняцова. Іх абодвух абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмізму».

Сілавікі пахваліліся тым, што адправілі затрыманых у нейкае мясцовае сельгаспрадпрыемства, каб яны там ліквідавалі наступствы ўрагану, які ў сярэдзіне ліпеня пранёсся над некаторымі раёнамі Гомельшчыны, у тым ліку Рэчыцкім. Прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што такім чынам яны «далі шанец загладзіць віну, не патрапіўшы на нары».

Аднак, паводле сцвярджэння ў тэлеграм-канале, хлопцы на прымусовыя працы не выправіліся. Таму зараз ім пагражаюць новым затрыманнем і зняволеннем.

Затрымалі мужчыну, які нібыта напісаў 14 тысяч каментароў

Таксама сцвярджаецца, што затрыманы дасылаў інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы «Чорная кніга Беларусі».

Крыніца: Затрыманні за пратэсты, каментары і "экстрэмізм": хроніка пераследу 15-16 жніўня