19.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, аналітыка Цягам ліпеня праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі істотнае павелічэнне колькасці грамадзян, супраць якіх быў ужыты судовы пераслед у крымінальным парадку па палітычных матывах. Гэта адбылося за кошт правядзення групавых працэсаў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года ў рэгіёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Паводле папярэдніх звестак, за ліпень былі асуджаныя 170 чалавек, з якіх 36 жанчын і 134 мужчыны. "Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.
За месяц у Мінску прайшло 78 палітычных крымінальных працэсаў
Рэгіянальная структура пераследу паводле палітычна матываваных крымінальных справаў у ліпені выглядала наступным чынам:
- Мінск — 78 чалавек;
- Брэсцкая вобласць — 35 чалавек;
- Гродзенская вобласць — 21 чалавек;
- Гомельская вобласць — 16 чалавек;
- Мінская вобласць — 5 чалавек;
- Магілёўская вобласць — 12 чалавек;
- Віцебская вобласць — тры чалавекі.
У завочным парадку асуджаныя мінімум 28 чалавек
Варта адзначыць, што працэдура спецыяльнай вытворчасці стала прыкметна больш актыўна ўжывацца судовай сістэмай – толькі за ліпень былі асуджаныя не менш за 28 чалавек. У пачатку ліпеня Мінскі абласны суд вынес абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да 20 грамадскіх дзеячаў, якіх "аб'ядналі" ў склад экстрэмісцкага фармавання "аналітыкі Святланы Ціханоўскай". Па выніках разгляду Аляксандр Дабравольскі, Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык і Кацярына Шмаціна асуджаныя да тэрмінаў ад дзесяці да адзінаццаці з паловай гадоў пазбаўлення волі са штрафамі ў памеры ад 1 000 да 40 000 тысяч базавых велічынь.
У парадку працэдуры завочнай вытворчасці асуджаная яшчэ адна група палітычных эмігрантаў, якую ўлады аб'ядналі ў склад экстрэмісцкага фармавання "Форум дэмакратычных сіл Беларусі". Брэсцкі абласны суд асудзіў Яўгена Вільскага, Вераніку Цапкалу, Вадзіма Дзмітронка, Вольгу Карач ды Анатоля Котава да тэрміну ў 12 гадоў пазбаўлення волі кожнага і штрафаў у памеры ад 1 000 да 15 000 базавых велічынь.
Прысуды ў межах спецвытворчасці былі ўжытыя супраць Вольгі Вялічкі, Андрэя Зуева ды Юрыя Шчучко – кожнаму ставіўся цэлы набор складаў злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі для пераследу палітычных апанентаў і ўдзельнікаў пратэснага руху, што стыхійна ўзнік пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Папярэдні аналіз дазваляе зрабіць выснову аб тым, што беларускія ўлады такім чынам пазбаўляюць усякага палітычнага пачатку любую публічную ініцыятыву, якая магла б мець уплыў на грамадскую думку ўнутры краіны, непасрэдна перад зменай электаральных цыклаў, звязаных з выбарамі прэзідэнта ў 2025 годзе.
Спецвытворчасць у Беларусі: гайд з праваабаронцам, якога асудзілі завочна
У 59% у абвінавачванні меўся артыкул 342 КК
Структура крымінальнага пераследу паводле палітычных матываў у ліпені па-ранейшаму вызначалася інэрцыяй рэпрэсій, звязанай з затрыманнямі ўдзельнікаў стыхійных маршаў, якія праходзілі ў жніўні-верасні 2020 года. З 170 чалавек, якія з высокай доляй верагоднасці былі асуджаныя за мінулы месяц, у 59% у абвінавачванні меўся артыкул 342 КК, які прадугледжвае адказнасць за арганізацыю або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
У ліпені праваабаронцы зафіксавалі выпадак пераследу паводле "народнага" 342 артыкула Дзіны Рачэўскай у судзе Фрунзенскага раёна Мінска ў якасці асобы, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне. Гэта сведчыць аб тым, што ў дачыненні да жанчыны маглі быць ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння за рэалізацыю ёю свайго права на выказванне меркавання і на мірныя сходы.
Пераслед сем'яў
"Народны" 342 артыкул КК выкарыстоўваецца для пераследу цэлых сем'яў або груп сваякоў. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалася справа ў дачыненні да Канстанціна і Веранікі Кавалеўскіх. За два дні да іх судовага разбору суд Цэнтральнага раёна Мінска слухаў справу брата Канстанціна – Арцемія Чопа. У гэтым жа судзе слухалася справа Людмілы і Паўла Царовых. У судзе Маскоўскага раёна Мінска слухалася справа ў дачыненні да Сяргея Тарасіка і Дар'і Давыдзенкі-Тарасік. У судзе Партызанскага раёна Мінска слухалася справа ў дачыненні да Алены і Кацярыны Лянкевіч.
Новы пераслед палітвязняў
Крымінальны пераслед паводле палітычных матываў інтэнсіўна выкарыстоўваецца ўладамі для паўторнага і наступнага асуджэння грамадзян, што стварае эфект "працяглага і бесперапыннага рэпрэсіўнага ўздзеяння". У ліпені паўторнае асудзілі Дзмітрыя Загалаўца, справу якога разглядаў Віцебскі абласны суд паводле артыкула аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці. Раней палітвязень гэтым жа судом быў асуджаны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў аб абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-1 КК) і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-2 КК).
Актывіста з Вілейкі Андрэя Кудзіка суд Маладзечанскага раёна асудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. У лютым 2022 года суд Заводскага раёна Мінска асудзіў яго да двух гадоў пазбаўлення волі паводле "народнага" 342 артыкула, якія той адбыў цалкам і вызваліўся пасля заканчэння тэрміну.
Шэраг крымінальных справаў паводле 342 і 411 артыкулаў КК выкарыстоўваецца ў дачыненні да знакавай фігуры пратэснага руху Змітра Дашкевіча. У ліпені 2022 года суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў вядомага сваёй прынцыповай пазіцыяй абаронцы Курапатаў да 1,5 гадоў пазбаўлення волі паводле 342-га артыкула. У кастрычніку 2023 года актывісту працягнулі тэрмін турэмнага зняволення на адзін год, выкарыстаўшы механізм 411 артыкула КК, які дазваляе рабіць гэта бясконцую колькасць разоў. У ліпені над палітвязнем пачаўся новы суд паводле 342 артыкула ў судзе Першамайскага раёна Мінска.
Супраць палітычных зняволеных ужываецца дадатковы ціск унутры пенітэнцыярнай сістэмы, паколькі ў дачыненні да іх на сістэматычнай аснове выкарыстоўваецца крымінальны пераслед паводле артыкула 411 КК, які прадугледжвае пакаранне за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі". У ліпені ў чатырох з пяці палітвязняў гэты артыкул меўся ў абвінавачванні ў выглядзе другой часткі, якая выкарыстоўваецца ў дачыненні да грамадзян, супраць якіх ужытае асуджэнне за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства і прадугледжвае магчымасць падаўжэння тэрміну зняволення на тэрмін да двух гадоў (па першай частцы тэрмін можна падоўжыць да года).
У судзе горада Жодзіна прайшоў суд над палітвязнем Мікітам Залатаровым паводле ч. 2 арт. 411 КК, вынікі якога пакуль не вядомыя. Малады чалавек адбывае пакаранне ў выглядзе чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў аб масавых беспарадках, пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў і незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Супраць Руслана Волкава, які адбывае чатыры гады ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у пратэстах на цэнтральнай вуліцы Брэста 9-10 жніўня 2020 года, ужылі пераслед паводле ч. 2 арт. 411 КК у судзе горада Наваполацка. Як і ў выпадку з Мікітам Залатаровым, падрабязнасці судовага разгляду невядомыя праваабаронцам на момант публікацыі матэрыялу.
Суд Барысаўскага раёна дадаў палітвязню Сяргею Дзяцуку адзін год пазбаўлення волі паводле ч.1 арт. 411 КК. Мужчына быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула пра пагрозу або гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Два гады пазбаўлення волі ў дадатак да васьмі прысуджаных, год таму дадаў суд Бабруйскага раёна Эдуарду Бабарыку паводле ч. 2 арт. 411 КК. Суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў да аднаго года пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 411 КК Цімура Рызапура, які адбывае пакаранне ў выглядзе чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб масавых беспарадках у Брэсце ў жніўні 2020 года.
Суды над журналістамі
Крымінальны пераслед паводле палітычных матываў штомесяц закранае прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. У ліпені па выніках судовага разбору з шасці пасяджэнняў Магілёўскім абласным судом былі асуджаныя журналісты Алесь Сабалеўскі і Яўген Глушкоў.
Аляксандру Сабалеўскаму прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі са штрафам у памеры 200 базавых велічынь, Яўгену Глушкову – тры гады пазбаўлення волі са штрафам у памеры 200 базавых велічынь. Блогер Сабалеўскі разам з відэааператарам Глушковым былі абвінавачаныя ў стварэнні (удзеле) экстрэмісцкага фармавання, а таксама ўдзеле (або падрыхтоўцы да ўдзелу) грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы.
Больш за палову асуджаных у чэрвені паводле палітычных крымінальных справаў — за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
"Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.
Крыніца: У ліпені паводле крымінальных палітычных справаў асудзілі мінімум 170 чалавек