19.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 19 жніўня распачаўся працэс па гучнай справе дыверсіі ў Мачулішчах. Дванаццаці чалавекам — большасці завочна — ставяцца ў віну адразу 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК) і "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). Іх абвінавачваюць у здзяйсненні дыверсіі ў Мачулішчах у лютым 2023 года, падчас якой быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Валянціна Зянькевіч.
Галоўны фігурант справы і, як сцвярджалі афіцыйныя органы і прапагандысты, выканаўца дыверсіі — Мікалай Швец, быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай. Але, негледзячы на гэта, па справе адбываецца суд і яго памагатым у Беларусі пагражаюць вялікія тэрміны зняволення. Завочна судзяць і самога Швеца.
Так, на лаве падсудных знаходзяцца Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў і ягоная жонка Анастасія Пілько, Дзяніс Сакалоў. Згодна з прапагандыскага фільмам АНТ, усе яны былі памагатымі па справе, але яны дакладна не ведалі, хто такі Швец і ў чым менавіта яму трэба дапамога. Так, Максім Лапацін падвёз Швеца са Століна на Лагойскую трасу, Андрэй Сцяпурка дапамог знайсці яму кватэру пад Мінскам, Алег Сычоў і Наста Пілько здалі яму тую самую кватэру. А Дзяніс Сакалоў, які выявіўся прыяцелем сына Ірыны Абельскай і меркаваным даносчыкам, як піша "Наша Ніва", быццам дапамог даставіць дрон і знайсці працу для Мікалая Швеца.
Завочна судзяць Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лопарава.
Дарэчы, у раскладзе суда сярод тых, у адносінах да каго распачаўся суд, няма Яўгеніі Лопараваў, але яе імя значыцца ў спісе асобаў, у адносінах да якіх распачата спецвытворчасць. Згодна апошняй інфармацыі, яе таксама сёння судзяць па справе Мачулішчаў. Але пры гэтым у "завочніках" адсутнічае імя Сяргея Лопарава.
Фігурантам справы інкрымінаваныя адразу 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса: "садзейнічанне ў экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК), "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" (ч. 1 арт. 290-1 КК), "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), "удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК), "агентурная дзейнасць" (ч. 1 арт. 358 КК), "прывядзенне ў няспраўнасць транспартнага сродку" (ч. 4 арт. 309 КК), "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК), "стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК), "фінансаванне экстрэмісцкага фармавання" (361-2 КК), "незаконныя дзеянні датычна выбуховых рэчываў" (ч. 4 арт. 295 КК), "праходжанне навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці" (арт. 290-3 КК).
Нагадаем, раніцай 26 лютага 2023 года на аэрадроме Мачулішчы здарыліся выбухі каля каштоўнага расійскага самалёта дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне. Паведамлялася, што цяпер самалёт знаходзіцца на рамонце на 325-м авіяцыйным рамонтным заводзе, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева ў Расіі.
"Украінскі дыверсант", айцішнік, супрацоўнік аблвыканкама: на дзяржТВ распавялі пра гучныя затрыманні