19.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, спецвытворчасць Фельчарка хуткай медыцынскай дапамогі з Жлобіна Аліна Галінская ў жніўні 2020 года патрапіла пад асаблівую ўвагу супрацоўнікаў праваахоўных органаў, зазнала адміністрацыйны пераслед, прайшла праз штрафы, арышты і прафілактычныя гутаркі. Калі дзяўчына зразумела, што ўсё можа скончыцца крымінальнай справай, разам з мужам прыняла рашэнне з’ехаць з Беларусі. Аліна пагадзілася распавесці “Вясне” аб тым, праз якія выпрабаванні яна прайшла, каб застацца ў бяспецы.
Жлобін пасля 9 жніўня 2020 года вірыў: на паслявыбарчую акцыі пратэсту выходзілі тысячамі. Яшчэ і дагэтуль амаль кожны тыдзень жлабінчукоў судзяць за ўдзел у маршах и митынгах па народным, 342 актыкуле. Аліна добра памятае тыя дні:
“У 2020 годзе я толькі ўладкавалася на працу ў Жлобіне фельчарам выязной брыгады на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Дагэтуль памятаю 9 жніўня. Мы з мужам прыйшлі на выбарчы ўчастак, каб даведацца пра афіцыйныя вынікі галасавання. Мой участак быў побач з плошчай Вызваліцеляў, дзе пачалі сабірацца людзі. Недзе каля 20 гадзін плошча была ачэпленая, супрацоўнікі ў форме падыходзілі да ўсіх і загадвалі пакінуць плошчу. Мы сядзелі на лаўцы, калі да нас таксама падыйшлі і папрасілі сыйсці з плошчы: “Нам паступіў такі загад”, – патлумачылі яны.”
Два каментарыі – дзве адміністрацыйкі
Першую адміністрацыйную справу на Галінскую завялі ў жніўні за наўмысную абразу, тады гэта быў арт. 9.3 КаАП (зараз – 10.2 КаАП).
“Я напісала нейкі каментарый, ужо дакладна не памятаю, бо была абураная інфармацыяй аб тым, як супрацоўнік міліцыі Ганцавічскага РАУС старшы лейтэнант Аляксандр Шляжко хапаў жанчыну за валасы. У сацыяльнай сетцы “Вконтакте” напісала гняўлівае паведамленне, у якім не было ніякай нецэнзуршчыны, проста напісала, што ён – пазорышча ў форме і каб усе ягоныя блізкія таксама выпрабавалі тое, што ён рабіў з жанчынамі.
Вельмі хутка ягоная старонка была выдаленая, а я пра гэты эпізод забылася.
Аднак праз нейкі час супрацоўнікі міліцыі пачалі шукаць адрас майго пражывання, нейкі брытагаловы высокі амбал у цывільным, які і не падобны на міліцыянта, прыходзіў па месцы прапіскі мужа, апытваў суседзяў. А праз тыдзень прыйшла павестка на адрас сваякоў, бо я жыла ў іншым месцы.
Спачатку казалі, што ўзбудзяць крымінальную справу, мой каментарый адправілі на экспертызу, але потым нешта перадумалі і я атрымала паведамленне што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. Відаць, пашкадавалі”.
У выніку, 13 жніўня адбыўся адміністратыўны суд, які прайшоў вельмі хутка, Аліну там нават слухаць не хацелі. У выніку пастанавілі аштрафаваць на суму 270 рублёў. Другі раз пратакол на дзяўчыну склалі 17 верасня 2020 за абразу службовай асобы пры выкананні абавязкаў паводле арт. 23.5 КаАП ( зараз арт. 24.4 КаАП). Дзяўчына прыгадвае, што пад нейкім пастом у Тэлеграме напісала “Лашкі-петушкі”. За гэта суд Жлобінскага раёна 20 кастрычніка пастановіў вынесці ёй штраф у памеры 675 рублёў.
“А ў верасні мяне выклікалі ў пракуратуру і паведамілі, што нібыта я, 16 жніўня пад час аблавы, калі шмат актывістаў пазатрымлівалі, таксама была затрыманая на суткі і нават ёсць пратакол майго затрымання. Самае дзіўнае, што ў гэты час я была на працы, тады яны некуды патэлефанавалі і праз некаторы час мяне адпусцілі.
Затым трохі ўсё супакоілася, хіба што выклікаў на прафілактычную гутарку галоўны ўрач Жлобінскай ЦРБ, выхоўваў, казаў, што ты маладая і нічога не разумееш, пераконваў, што я памыляюся, пагражаў звальненнем, але, відаць, не хацелі звальняць маладую спецыялістку”.
Знаёмства з жлобінскім ІЧУ
Пэўны час усё было спакойна. Затым нечакана, 4 красавіка 2023 года, да сваякоў Галінскай прыйшлі двое мужчын у цывільнай вопратцы, сказалі ім, што Аліне трэба прыйсці ў РАУС на прафілактычную гутарку і падпісаць нейкую паперу.
“Літаральна праз паўгадзіны, па месцы майго пражывання пачалі моцна грукаць у дзверы. Я прыехала з начной змены, і хаця маральна была падрыхтаваная да такога развіцця падзей, вырашыла ім не адчыняць.
Патэлефанавала калегам, запыталася, ці прыяжджалі да мяне на працу. Адказалі, што так, 15 хвілін былі на аўтамабіле “Джылі”. Я папярэдзіла мужа і стала рыхтавацца да магчымага затрымання, схадзіла ў душ, апранулася ў цяплейшую вопратку: разумела, што мяне ўсё адно забяруць, бо пад вакном стаяла шэрая “Джылі”, якая прыязджала на працу.
Так прайшло 2-3 гадзіны, яны за гэты час патэлілі мужу і спыталіся, чаму я не адгукаюся. Ён вярнуўся дахаты. Потым я перазваніла ім і выйшла з пад’езда. Але тут супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што трэба правесці агляд кватэры. Нічога, праўда пры гэтым “экстрэмісцкага” яны не знайшлі.
Аднак паведамілі, што маўляў, я зрабіла адзіночнае пікетаванне ў Тэлеграме і паказалі скрыншот фота. Прычым, там паказалі скрыншот, на якім ні акаунта не бачна, ні даты.
Карацей, знайшлі відэа двухгадовай даўніны, дзе ў адным месцы, калі павялічыць фота, можна было ў куточку заўважыць кавалак бел-чырвона-белага сцяга”.
Аліну павезлі ў аддзяленне міліцыі падпісаць пратакол і пагутарыць. Яе амаль чатыры гадзіны распытвалі, як яна ставіцца да вайны ва Украіне, да беларускай улады, да Расіі, распытвалі і пра 2020 год. Тады ж яе сілавікі з Гомеля прымусілі запісаць пакаяльнае відэа.
“Калі я паспрабавала адмовіцца, сказала, што не буду гэтага рабіць, і што будзе за гэта, мне адказаў адзін з іх: “А ты хочаш праверыць, што з табой будзе? Скажы дзякуй, што мы цябе тут не распранулі”. Пры гэтым я практычна двае сутак не спала, працавала ў начную змену, а калі папрасіла вады – мне адмовілі.”
Суд адбыўся на другі дзень, 5 красавіка. Аліна атрымала 15 сутак адміністрацыйнага арышту і канфіскацыю мабільнага тэлефона, набытага некалькі дзён таму і па гэтый прычыне ён не мог быць сродкам здзяйснення правапарушэння.
“Так я апынулася ў Жлобінскім ІЧУ. Што найбольш запомнілася? У першай камеры нас было 13 чалавек на 6 месцаў. І каб не падтрымка сукамерніц – было б цяжка, бо днём ляжаць забаранялі, а ноччу будзілі па два разы на паверку. Спалі мы на металічных пласцінах, кіпетню не давалі, нават перадачу, якую прынёс муж, урэзалі роўна напалову. За пятнаццаць сутак я пабывала ў чатырох камерах. Вызвалілі мяне пазней прызначанага часу, што мяне таксама нервавала. Ад усіх гэтых умоў па вызваленні я пайшла на бальнічны. Мяне першыя дні калашмаціла ад камер на вуліцы, ад віду супрацоўнікаў міліцыі, я ўглядалася ў аўтамабілі, якія трапляліся на шляху”.
Разумеючы, што яе чакае наперадзе, літаральна праз тры дні пасля ІЧУ, Аліна з мужам пакінулі Беларусь. І як паказаў час – недарэмна.
“Распальвала варожасць да сацыяльнай групы “рускі народ”
Пра тое, што супраць Аліны ўзбудзілі крымінальную справу ў парадку “спецвытворчасці”, яна даведалася з навін:
"Следчы камітэт пачаў "спецыяльную вытворчасць" у дачыненні да Аліны Галінскай, піша тэлеграм-канал ведамства. Галінская абвінавачваецца па артыкуле аб распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), Следчы камітэт прапануе ёй з'явіцца ў Жлобінскі раённы аддзел СК”.
Падставай для крымінальнага пераследу Аліны паслужылі два каментары ў Тэлеграм. Так, па версіі следства, Галінская 26 кастрычніка 2020 года ў групе “Жлобін для жыцця” размясціла тэкставае паведамленне, якое нібыта было скіраванае на распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, а 22 верасня 2022 года напісала ў Тэлеграм пра сваё стаўленне да агрэсіі Расіі ва Украіне, што следства расцаніла як распальванне варожасці і непрыязнасці да сацыяльнай групы “рускі народ”.
Суд прызначылі на 12 жніўня. Яшчэ пад час следства і падрыхтоўкі да працэсу Аліна Галінская спрабавала наладзіць кантакты з Гомельскім абласным судом, з прызначаным ёй дзяржаўным адвакатам, якая, дарэчы, спачатку адгукнулася, а потым перастала адказваць на тэлефанаванні. Яна таксама прасіла дазволу ўдзельнічаць у судовым працэсе па відэасувязі, аднак адказу не атрымала.
Сёння стаў вядомы прысуд Аліне Галінскай. Суддзя Сяргей Багінскі прысудзіў дзяўчыне два гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Крыніца: Жыхарка Жлобіна з’ехала ад пераследу, час паказаў, што недарэмна: дзяўчыну асудзілі "завочна"