19.08.2024 Тэгі: палітвязні, культура, праваабаронцы, салідарнасць Ілюстрацыя #FramedinBelarus. Фота Lukas Cetera 24 жніўня 2024 у цэнтры сучаснага мастацтва Kunstbanken (Хамар, Нарвегія) мастацкі калектыў Stitchit разам са старэйшай саветніцай Amnesty International Norway па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ане Тусвік Бондэ адкрыюць выставу #FramedinBelarus:Towards Solidarity.

"Прайшло чатыры гады з таго часу, як жыхары Беларусі выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць скрадзеных прэзідэнцкіх выбараў. Мірныя дэманстрацыі запоўнілі гарады, працаўнікі заводаў страйкавалі, а журналісты і мастакі дакументавалі падзеі, якія разгортваюцца. Акты грамадзянскага непадпарадкавання распаўсюджваліся, і ўсё гэта падсілкоўвалася глыбокім пачуццём надзеі.

Аднак гэтыя чатыры гады былі адзначаны і нястомнымі пераследамі. Арышты працягваюцца і дагэтуль, допыты, катаванні, суды і камеры зняволення сталі змрочнай рэальнасцю - страшнай цаной, якую заплацілі сотні людзей за тое, што адважыліся казаць свабодна. Хоць цяжка ўявіць сябе ў такой сітуацыі, спачуванне і салідарнасць аб'ядноўваюць нас у самыя цёмныя часы. Часам гэтая сувязь нараджаецца ў простым акце творчасці - малюсенькім кавалачку вышыўкі або тэксце, прысвечаным тым, каго прымусілі замаўчаць.

Выстава #FramedinBelarus:Towards Solidarity правядзе нас праз цяністыя калідоры дэспатычных дзяржаўных сістэм да калектыўнага спачування і агульнага імкнення да справядлівасці",адзначаюць арганізатаркі выставы — мастачка Руфіна Базлова і куратарка Сафія Такар.

На выставе сярод іншых будуць прадстаўленыя вышытыя "партрэты" праваабаронцаў "Вясны": кіраўніка арганізацыі і нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, каардынатаркі Валанцёрскай службы Марфы Рабковай і валанцёра Андрэя Чапюка.

Праграма:

24 жніўня 2024 г.13:00 — 13:30 — экскурсія па выставе з Руфінай Базловай 14:00 — адкрыццё выставы і вернісаж

25 жніўня 2024 г. 12:30 — 15:30 — воркшоп па вышыўцы з Руфінай Базловай. Больш падрабязна тут.

Выстава будзе дзейнічаць да 6 кастрычніка 2024 г.

Framed in Belarus — гэта сацыяльны арт-праект, прысвечаны палітычным зняволеным у Беларусі. Руфіна Базлова на працягу апошніх гадоў малюе схемы беларускіх палітычных вязняў, а неабыякавыя людзі далучаюцца і вышываюць іх «партрэты», выкарыстоўваючы традыцыйную беларускую тэхніку вышыўкі чырвонай ніткай на белым фоне.

Крыніца: Выстава і майстэрня #FramedinBelarus: Towards Solidarity адкрыецца ў Нарвегіі