20.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Віцебскім абласным судзе 20 жніўня распачаўся другі суд над былой старшынёй незалежнага прафсаюза "Нафтан" з Наваполацку Вольгай Брыцікавай, якую ў красавіку асудзілі да трох гадоў калоніі. Гэтым разам жанчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Справу разглядае суддзя Яўген Буруноў.
Нагадаем, Вольга адпрацавала на прадпрыемстве "Нафтан" 16 гадоў, але была звольнена праз выказванне сваёй пазіцыі. Палітзняволеную шмат разоў затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх — 75 запар.
Віцебскі абласны суд 8 красавіка ў закрытым рэжыме асудзіў Вольгу да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Актывістку абвінавацілі ў "распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы" паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Такі прысуд агучыла суддзя Галіна Бондал.
11 чэрвеня судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынством суддзі Уладзіміра Чаравача разгледзела апеляцыйную скаргу Вольгі і пакінула яе без задавальнення, а прысуд без зменаў.
Напрыканцы чэрвеня Вольгу з СІЗА этапавалі ў гомельскую жаночую калонію № 4. Аля перад чарговым судом яе зноў перавялі ў віцебскі СІЗА-2.
Крыніца: У Віцесбску пачаўся чарговы суд над актывісткай Вольгай Брыцікавай