20.08.2024 Тэгі: суды, палітвязні, ціск У судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня адбыўся суд над палітвязням Аляксандрам Францкевічам, асуджаным раней да 16 гадоў і дзевяці месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Мікалай Сяргейка прызначыў палітвязню яшчэ адзін год пазбаўлення волі.
Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы "Рэвалюцыйнага дзеяння". Палітвязня прызналі вынаватым па шэрагу цяжкіх Крымінальных артыкулаў. У верасні 2022 года Аляксандру прызначылі 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў). 28 лютага 2023 года ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення скаргу, а тэрмін Францкевіча быў скараціла на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Аляксандра — 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
"Я ведаю і веру — мы ўбачым увасабленне дэмакратыі", — у апошнім слове Францкевіч
Адбываць тэрмін палітвязня спачатку накіравалі ў івацэвіцкую калонію № 5, але пазней перавялі ў ваўкавыскую ПК-11. Па інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2023 года Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода, а таксама неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.
У траўні 2024 года стала вядома, што супраць Аляксандра ўзбуджана крымінальная справа паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Палітвязень доўгі час знаходзіўся ў ПКТ.
Суд над ім адбыўся ў судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня 2024 года. Суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў палітвязня вінаватым і прысудзіў яму яшчэ адзін год зняволення. Да апеляцыі Аляксандр утрымліваецца ў СІЗА № 6.
19 ліпеня стала вядома пра затрыманне маці палітвязня — Таццяны. Яе абвінавачваюць ва "удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу. Жанчыну ўтрымліваюць пад вартай у віцебскім СІЗА-2.
Крыніца: Палітвязню Аляксандру Францкевічу дадалі яшчэ год зняволення