21.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Мінскім гарадскім судзе прызначылі разгляд крымінальнай справы супраць Таццяне Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача. Іх абвінавачваюць агулам паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле ч. 1 арт. 357 КК "змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову будуць судзіць завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай з ліпеня 2023 года. Справу прызначаны весці Любоў Сімахіна.
Паводле следства, акрамя іншага, Марыніч і Хамянкова маюць дачыненне да "ўчынення шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці". Яны нібыта "стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем, на інтэрнэт-рэсурсах якога размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020-ым годзе".
Агулам у віну фігурантам справы ставіцца 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- "змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады" (ч. 1 арт. 357 КК);
- "заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (ч. 3 арт. 361 КК);
- "ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў" (ч. 2 арт. 243 КК);
- "злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі" (ч. 2 арт. 424 КК);
- "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь" (арт. 369-1 КК)
- "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 2 арт. 361-4 КК);
- "распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК);
- "удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу" (ч. 2 арт. 361-3 КК);
- "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 2 арт. 361-2 КК);
- "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім" (ч. 2 і 3 арт. 361-1 КК).
Крыніца: Прадстаўнікоў мінскага стартап-хаба "Імагуру" пачнуць судзіць 2 верасня