22.08.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, заканадаўства, ціск, умовы ўтрымання Па стане на 22 жніўня 2024 года праваабаронцам вядома не менш чым пра 262 палітвязняў, што знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх — 18 чалавек з інваліднасцю, 103 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 59 людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (многія з іх таксама маюць вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з ментальнымі разладамі.
Праваабаронцам "Вясны" вядома пра 18 палітвязняў, якія 3 ліпеня 2024 года выйшлі на волю па амністыі і памілаванні. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў. Паводле інфармацыі "Вясны", частка палітвязняў выйшлі па памілаванні, а не па амністыі. Яшчэ пра мінімум 19 палітвязняў, што выйшлі на волю, стала вядома 20 жніўня 2024 года. Сярод вызваленых многія маюць сур'ёзныя захворванні: напрыклад, Ксенія Луцкіна, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Васіль Бераснеў ды іншыя.
Аднак не толькі памілаванне і амністыя па законе з'яўляюцца падставамі, якія дазваляюць вызваліць чалавека ад адбыцця пакарання. Юрыдычная служба "Вясны" апісвае крытэрыі і паказвае, які можа быць механізм запуску падобнай працэдуры.
Хто можа быць вызвалены паводле закона?
Падставай, такой жа, як памілаванне і амністыя, па якой чалавека могуць вызваліць ад адбыцця пакарання або замяніць яму меру пакарання на больш мяккую, з'яўляецца цяжкае захворванне або інваліднасць (арт. 186 УВК). Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16 лютага 2011 г. № 54/15 вызначаны пералік захворванняў, якія перашкаджаюць адбыванню пакарання. Яны патрабуюць пастаяннага медычнага назірання і спецыялізаванай дапамогі, якая можа быць недаступная ў турме. Да такіх захворванняў належаць:
- Псіхічныя разлады: цяжкія формы дэменцыі, шызафрэніі, хранічныя псіхозы, афектыўныя разлады і разумовая адсталасць, а таксама псіхічныя разлады, выкліканыя ужываннем псіхаактыўных рэчываў.
- Прагрэсавальныя формы туберкулёзу, асабліва з ускладненнямі, такімі як лёгачна-сардэчная недастатковасць, і сухоты ў спалучэнні з ВІЧ-інфекцыяй або цукровым дыябетам.
- ВІЧ-інфекцыя: тэрмінальная стадыя ВІЧ з генералізаванымі інфекцыямі, злаякаснымі новаўтварэннямі або пашкоджаннямі цэнтральнай нервовай сістэмы.
- Злаякасныя новаўтварэнні: усе віды раку на позніх стадыях, калі лячэнне неэфектыўнае, а таксама міелапроліфератыўныя пухліны, такія як лейкоз і лімфомы.
- Захворванні эндакрыннай сістэмы: цяжкія формы цукроўкі з ускладненнямі, а таксама іншыя эндакрынныя захворванні з цяжкімі наступствамі.
- Захворванні нервовай сістэмы: сасудзістыя захворванні мозгу, дэгенератыўныя хваробы (напрыклад, хвароба Паркінсона), пухліны цэнтральнай нервовай сістэмы і поўная слепата.
- Сардэчна-сасудзістыя захворванні: сур'ёзныя захворванні сэрца і сасудаў, уключна з сардэчнай недастатковасцю і артэрыяльнай гіпертэнзіяй у позніх стадыях.
- Захворванні органаў дыхання: хранічныя хваробы лёгкіх, такія як ХОБЛ і бранхіяльная астма, з выяўленай дыхальнай недастатковасцю.
Большасць захворванняў з пераліку, якія могуць служыць падставай для вызвалення або замены пакарання больш мяккім, характарызуюцца цяжарам захворвання. Наяўнасць пэўнага захворвання з пераліку яшчэ можа не з'яўляецца такой падставай — у такіх выпадках неабходная медычная камісія або МРЭК, якая выносіць заключэнне з указаннем цяжару захворвання. Менавіта на гэтае заключэнне арыентуецца суд.
Калі чалавек мае захворванні, якіх няма ў пераліку, неабходна пераканацца, што ён атрымлівае ўсю неабходную медычную дапамогу, якую прадугледжвае яго стан здароўя. Важна ведаць, якія менавіта даследаванні, лячэнне, кансультацыі, прэпараты павінны ў абавязковым парадку прысутнічаць пры наяўным у яго захворванні, а таксама ў якія тэрміны яны павінны праводзіцца.
"Медыцына ў турме – чорнае люстэрка, у якое зазірнуў кожны з нас"
Выкананне клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя, а таксама іншых нарматыўных актаў Міністэрства здароўя з'яўляецца абавязковым для медычных супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сістэмы (ч. 2, арт. 15 Закон РБ "Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай", ч. 2, 4 арт. 96 УВК Рэспублікі Беларусь, ч. 1, 11 арт. 14 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове здароўя", п. 3 Інструкцыі па медычным забеспячэнні асоб, якія змяшчаюцца ва ўстановах КВС МУС Рэспублікі Беларусь).
У час 31-й сесіі Камітэта па правах людзей з інваліднасцю разглядаўся Даклад грамадзянскай супольнасці аб становішчы людзей з інваліднасцю ў Беларусі. У ім згадваецца, што сярод палітвязняў ёсць людзі, якія маюць інваліднасць I групы — напрыклад, Павел Кучынскі. Акрамя таго, у зняволенні знаходзяцца людзі з афіцыйным статусам інваліднасці, тыя, хто пакутуе на хранічныя захворванні, і тыя, хто атрымаў інваліднасць падчас свайго зняволення.
"Доступ палітычных зняволеных да неабходных медыкаментаў і медычных паслуг істотна абмежаваны. Матэрыяльныя ўмовы ў турмах не прыстасаваныя для асоб з інваліднасцю, а просьбы аб разумных прыстасаваннях і сацыяльнай падтрымцы рэгулярна адхіляюцца. Сем'ям палітычных зняволеных з інваліднасцю або хранічнымі захворваннямі неафіцыйна рэкамендуецца хаваць палітычную матывацыю затрымання, каб мінімізаваць шанцы на віктымізацыю і рэпрэсіі, а таксама пазбегнуць перашкод для наведвання сваіх блізкіх у турмах", — гаворыцца ў ім.
"Галоўнае, захаваць здароўе"
Таксама ў дакладзе ёсць інфармацыя, што ў судах на разглядзе знаходзяцца некалькі спраў аб замене пакарання на больш мяккае ў сувязі са станам здароўя. Згодна з дакладам, з шасці чалавек, якія памерлі ў зняволенні з пачатку рэпрэсій пасля 2020 года, прынамсі трое мелі інваліднасць.
Акрамя таго, Спецдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім чарговым дакладзе надала асаблівую ўвагу недахопу і неадпаведнасці медычнай дапамогі палітвязням.
Як вызваленне на аснове захворванняў рэгулюецца нацыянальнымі і міжнароднымі нормамі?
Адзін з прынцыпаў крымінальнай адказнасці, замацаваны ў ч. 7 арт. 3 КК РБ: крымінальны закон і крымінальная адказнасць не маюць сваёй мэтай нанясенне фізічных пакут.
Час узнікнення захворвання не мае значэння. Гэта значыць, вызваліць могуць як тых зняволеныя, якія ўжо мелі захворванне да затрымання, так і тых, якія захварэлі ў месцах пазбаўлення волі. Пра гэта сказаў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у сваім рашэнні ад 16 лютага 2012 г. № Р-681/2012. Там пазначана, што час узнікнення захворвання не павінны ўплываць нават на магчымасць разгляду судом пытання аб вызваленні або замене пакарання больш мяккім.
Так, Канстытуцыйны суд акрэслівае: зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, асобам, якія маюць цяжкае захворванне, якое перашкаджае далейшаму адбыванню пакарання, павінен быць гарантаваны разгляд судом пытання аб магчымасці вызвалення іх ад адбыцця пакарання або замены пакарання больш мяккім з улікам цяжару здзейсненага злачынства, асобы асуджанага, характару захворвання ды іншых абставін, незалежна ад часу ўзнікнення захворвання: да або пасля вынясення прысуду.
Былы палітвязень Пётр Марчанка: "Медыцына ў зняволенні — гэта справа заўсёды безнадзейная"
Згодна з артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожнаму, хто пазбаўлены волі з нагоды арышту або ўтрымання пад вартай, належыць права на разгляд яго справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесці пастанову адносна законнасці яго затрымання і распарадзіцца аб яго вызваленні, калі затрыманне незаконнае. Акрамя таго, што справа з'яўляецца палітычна матываванай, пазбаўленне волі людзей, якія маюць захворванні, што перашкаджаюць адбыванню пакарання, таксама з'яўляецца незаконным і павінна быць разгледжана ў судзе.
Артыкул 10 Пакта падкрэслівае, што ўсе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, што ўласцівая чалавечай асобе. Менавіта гэтая норма парушаецца, пакуль працягваецца ўтрымліванне ў зняволенні людзей, якія маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем. Гэта з'яўляецца негуманным абыходжаннем і непаважлівым ў адносінах да чалавечай годнасці.
Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі ААН (пп. 24-26) кажуць, што людзі ў зняволенні павінны мець дастатковую і якасную медычную дапамогу, а таксама пастаянны агляд лекара. Кожны раз, калі лекар лічыць, што фізічная або разумовая раўнавага зняволенага была парушана або пагражае быць парушанай у выніку яго зняволення або ў сувязі з якімі-небудзь умовамі зняволення, ён дакладвае пра гэта начальніку калоніі. Начальнік, у сваю чаргу, павінен прымаць пад увагу даклады і парады, што накіроўваюцца яму лекарам у адпаведнасці з правіламі, і, калі ён згодны з рэкамендацыямі апошняга, неадкладна прымаць меры па іх рэалізацыі. Калі ж гэтыя рэкамендацыі выходзяць за рамкі яго кампетэнцыі або калі ён з імі не згодны, то ён павінен неадкладна прадставіць вышэйстаячым органам як свой уласны даклад, так і рэкамендацыі лекара.
Якія дзеянні неабходна распачаць, каб справа апынулася ў судзе?
Фармальны парадак вызвалення або замены пакарання больш мяккім патрабуе прадстаўлення начальніка калоніі ў суд (арт. 187 УВК). Прадстаўленне — гэта афіцыйны запыт адміністрацыі калоніі ў суд, які змяшчае просьбу перагледзець пакаранне асуджанаму на падставе хваробы. Гэта значыць, што менавіта адміністрацыя калоніі павінна падрыхтаваць пакет дакументаў і афіцыйны запыт аб вызваленні або замене пакарання на больш мяккае.
"Ім было забаронена пісаць і казаць пра грып"
Разам з такім запытам у суд накіроўваецца заключэнне медычнай/медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі і асабістая справа асуджанага. Яна збіраецца ў Рэспубліканскай бальніцы для асуджаных, куды накіроўваецца зняволены. Такім чынам, у першую чаргу неабходна пісьмова звярнуцца да начальніка калоніі і начальніка медычнай часткі, каб даведацца, ці адбылася медычная камісія. Калі так, неабходна запытаць яе вынікі. Пасля таго, як у вас з'явіліся дакументальныя пацверджанні дыягназу, неабходна патрабаваць ад начальніка калоніі адправіць прадстаўленне аб вызваленні або замене пакарання больш мяккім у суд. Звярнуцца да начальніка калоніі з просьбай вынесці на разгляд суда пытанне аб вызваленні могуць сам зняволены, яго родныя або адвакат. Доказам таго, што ў зняволенага меўся той ці іншы дыягназ да яго затрымання, з'яўляецца выпіска з медычнай карты ў лякарні, кансультатыўнае заключэнне або іншыя медычныя дакументы. Калі іх няма, то іх можна атрымаць у лякарні, дзе назіраўся чалавек. У сілу медычнай таямніцы, такія выпіскі можна атрымаць толькі пры наяўнасці пісьмовага дазволу самога чалавека. Шаблон пісьмовай згоды можна знайсці тут.
"Няма нічога горш, чым захварэць у калоніі", —Дар'я Афанасьева пра меддапамогу ў зняволенні
Неабходна заручыцца такой згодай нават калі ваш блізкі не мае захворванняў з пераліку або ў цэлым вядома, што ён здаровы. У месцах пазбаўлення волі высокая верагоднасць развіцця або ўзнікнення паўторна хвароб, так як медыцына там кепская. Такая згода павысіць шанцы пры неабходнасці паўплываць на аказанне медычнай дапамогі зняволенаму.
Каб атрымаць ад начальніка калоніі адказ па сутнасці, неабходна звяртацца пісьмова. Гэта гарантуе атрыманне адказу ва ўстаноўлены тэрмін: пісьмовыя звароты рэгіструюцца, маюць подпіс канкрэтнага чалавека, а значыць — і персанальную адказнасць за гэты адказ. Да любых зваротаў, што тычацца здароўя чалавека, неабходна прыкладаць копію дакументальных пацверджанняў стану здароўя.
Пры атрыманні нездавальняючага адказу, можна запісацца на асабісты прыём да начальніка калоніі. Асабісты прыём магчымы і да начальніка медычнай часткі калоніі. Калі адказ прама ці ўскосна змяшчае інфармацыю аб тым, што нешта з пэўнага клінічным пратаколам не выконваецца, неабходна адправіць скаргу ў пракуратуру па месцы знаходжання ўстановы. Невыкананне ў дачыненні да пацыента зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя медычных дзеянняў з'яўляецца парушэннем крымінальна-выканаўчага заканадаўства, заканадаўства аб утрыманні асоб пад вартай і заканадаўства аб ахове здароўя. Менавіта на гэта і варта спасылацца пры напісанні звароту (скаргі) у пракуратуру, як орган, які адказвае за захаванне законнасці.
Такім чынам, алгарытм дзеянняў можа быць наступным:
- Атрымаць пісьмовую згоду на доступ да медычнай інфармацыі пра здароўе зняволенага. Шаблон.
- Атрымаць выпіскі ды іншыя дакументы аб стане здароўя.
- Звярнуцца да начальніка з нагоды аказання неабходнай медычнай дапамогі, названай у адпаведным дыягназу клінічным пратаколе. Гэта тэхнічны нарматыўны прававы акт, які зацвярджае Міністэрства аховы здароўя. Ён вызначае агульныя, прыводныя ў структураваным выглядзе патрабаванні да аб'ёму аказання медычнай дапамогі пацыенту з улікам магчымых відаў медычнай дапамогі, формаў і ўмоў яе аказання пры пэўным захворванні, вызначаным сіндроме або пэўнай клінічнай сітуацыі. Таксама пратакол змяшчае варыянты медычнага ўмяшання і апісанне паслядоўнасці дзеянняў медычных работнікаў з улікам сіндрому, ходам захворвання, наяўнасці ускладненняў і спадарожных захворванняў, клінічнай сітуацыі, іншых фактараў, якія ўплываюць на вынікі аказання медычнай дапамогі.
- Пры прамым або ўскосным невыкананні клінічнага пратаколу, звяртацца ў пракуратуру па месцы знаходжання месца несвабоды.
- Наведваць асабістыя прыёмы начальніка калоніі і начальніка медычнай часткі
Важна разумець, што кожная справа індывідуальная, таму алгарытм дзеянняў з'яўляецца абагульненым. У кожным выпадку могуць быць падводныя камяні, гэта значыць не ўлічаныя ў гэтым артыкуле фактычныя і юрыдычныя складанасці, таму важна быць на сувязі з адвакатам або юрыстам.
Суправаджэнне па справе можа аказаць і юрыдычная служба ПЦ "Вясна" па кантактах: тэлеграм @zvarot96, email Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Крыніца: Як юрыдычна можна дамагацца вызвалення зняволеных з захворваннямі?