23.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, ціск, рэпрэсіі У Наваполацку і Мазыры 5 верасня адбудуцца суды над палітвязнямі Тамазам Піпіям і Уладзімірам Цыгановічам. Іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Для Уладзіміра гэта ўжо трэці суд за "непадпарадкаванне". Палітвязням могуць прызначыць яшчэ па два гады зняволення.
З Тамазам ужо два месяцы няма сувязі
На 5 верасня ў судзе г. Наваполацка прызначаны разгляд крымінальнай справы супраць Тамаза Піпіі, асуджанага раней да пяці гадоў калоніі. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.
Нагадаем, братоў Тамаза асудзілі за "ўдзел у масавых беспарадках" паводле арт. 293 КК. Па "справе антыфашыста" Тамаз праходзіў разам з братам Цімурам, якога таксама пазбавілі волі. Нядаўна ў братоў памерла маці. У яе выявілі анкалогію на глебе стрэсу праз паўгода пасля затрымання сыноў. Гэтай вясной яна была апошні раз у іх на спатканнях
19 жніўня тг-канал "АЧК-Беларусь" паведаміў, што ад Тамаза ужо два месяцы няма ні лістоў, ні званкоў. Адміністрацыя наваполацкай калоніі адмаўлялася паведамляць пра яго стан і месцазнаходжаня. У красавіку яго змяшчалі ў ПКТ і неаднаразова адпраўлялі ў ШІЗА.
Уладзіміра Цыгановіча будуць судзіць у чацвёрты раз
Уладзімір — блогер, аўтар youtube-канала MozgON. У зняволенні палітвязень знаходзіцца ўжо больш за тры гады — яго затрымалі 9 чэрвеня 2020 года. Цыгановіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). 14 снежня 2021 Уладзіміра асудзілі па "справе Ціханоўскага" да 15 гадоў калоніі.
Спачатку палітвязня накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калонію № 3, але праз паўгады Уладзіміру ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады. Вясной 2023-га года супраць Уладзіміра ўзбудзілі крымінальную справу за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы" (ч. 2 арт. 411 КК).
10 красавіка 2023 года палітвязню прызначылі адзін год калоніі ў дадатак да 15 гадоў зняволення. Праз паўгода яго ў другі раз асудзілі паводле арт. 411 КК. Але вынік суда невядомы.
Цяпер стала вядома, што 5 верасня ў судзе Мазырскага раёна Уладзіміра будуць судзіць ужо ў трэці раз за "непадпарадкаванне". Суддзём прызначаны Анатоль Стрэльчанка.
Па інфармацыі "Вясны", па стане на 23 жніўня 2024 года як мінімум 84 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 48 распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК.
Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях