26.08.2024 Тэгі: грамадства, пераслед У адной з бальніц Пінска заўчасна памёрла вядомая грамадская актывістка, абаронца правоў Вераніка Іванова, паведамілі «Позірку» яе знаёмыя. Ёй было 45 год.
Прычына смерці невядомая. Паводле звестак, атрыманых выданнем, у апошні час здароўе ў праваабаронцы пагоршылася, яна хварэла і неаднаразова трапляла ў шпіталь.
«На гэта, безумоўна, паўплываў і стрэс, звязаны з сённяшняй сітуацыяй у краіне», — адзначыў субяседнік выдання.
Вераніка Іванова — грамадская актывістка, юрыстка, лідарка Пінскай рэгіянальнай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Маці траіх дзяцей.
У 2020 годзе аказвала прававую дапамогу ўдзельнікам акцый пратэсту ў Пінску, кансультавала, пісала скаргі, займалася праваабарончай дзейнасцю, за што была затрыманая 8 разоў за год. Атрымала некалькі штрафаў і 15 сутак арышту. А ў 2021 годзе ў яе сілавікі зладзілі два ператрусы, канфіскаваўшы ноўтбук і носьбіты інфармацыі. Апошняе затрыманне адбылося на самым пачатку 2023 года. Згодна з пратаколам, жанчына «выклала фотаздымак, на якім адлюстравана экіпіроўка вайскоўца з вадзяным знакам у ніжнім левым кутку, назвай тэлеграм-каналу Полка Каліноўскага, які рашэннем МУС Беларусі прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем".
Апошні свой допіс Вераніка пакінула ў фэйсбуку ў свой дзень народзінаў, 23 ліпеня. Яна апублікавала верш Зоські Верас “Я не баюся” з сімвалічнымі радкамі:
Баюся жыці без ідэалу,
Бо ў чорнай пустцы сэрца б сканала...
Больш чым цялеснай баюся смерці –
душой памерці...
І яшчэ ад сябе дадала: “45 – добрая лічба. Ужо позна памерці маладым. Але цалкам рэальна перажыць гэтых ублюдкаў. Мая падзяка ўсім, хто са мной у гэтыя часы".
Праваабаронцы "Вясны" выказваюць спачуванне родным і блізкім Веранікі.