26.08.2024 У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-26 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Жыхара Магілёва затрымалі на "хіміі" з-за рэгістрацыі ў "Плане Перамога"
На "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што знаходзіцца на "хіміі" "за ўжыванне наркатычных сродкаў", прайшоў рэгістрацыю ў "Плане Перамога" і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
Паводле інфармацыі "Медыязоны", затрыманы — Сяргей Палякоў.
Па вяртанні з Польшчы затрымалі дальнабойніка
На "пакаяльным відэа", апублікаваным у праўладных тг-каналах, мужчына кажа, што быў падпісаны на "экстрэмісцкія каналы", дзе пакідаў абразлівыя каментары. Таксама ён нібыта дасылаў інфармацыю ў чат-боты некаторых ініцыятыў, сярод якіх і "Чорная кніга Беларусі".
Па пастанове пракурора Брэсцкай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу povestka.prо
На партале публікаваліся звесткі, якія прапагандуюць спосабы ўхілення ад выканання вайсковага абавязку, а таксама аказвалася прававая дапамога прызыўнікам па пытаннях ухілення ад праходжання тэрміновай ваеннай службы.
Раней, 11 чэрвеня, судом Цэнтральнага раёна Мінска сайт, сацсеткі і лагатып праекту "povestka.оrg" былі прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Адбыліся масавыя затрыманні вайскоўцаў у Заслонаве пад Лепелем
На гэтым тыдні і ў наступны панядзелак у раскладзе суда Лепельскага раёна адзначылася шэсць імёнаў. Усе выкліканыя ў суд — мужчыны, а абвінавачваюць іх у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, паведамляе "Віцебск, я гуляю".
У чацвер меліся судзіць Івана Мадэлюса, у пятніцу Віктара Дубовіка і Уладзіслава Стаховіча. У панядзелак: Ягора Шмяркова, Аляксея Чэрнікава і Алега Ляха.
Профіль Мадэлюса ва "Укантакце" быў нядаўна выдалены, мужчына служыць у в/ч 71327 ў Заслонава.На паблік в/ч 71327 аказаўся падпісаны і берасцеец Шмяркоў, якога яшчэ будуць судзіць. У сетцы нагугліваўся таксама поўны цёзка пятнічнага падсуднага — нядаўні курсант Вайсковай акадэміі Уладзіслаў Стаховіч.
Крыніца: Затрыманні вайскоўцаў і дальнабойніка: хроніка пераследу 24-26 жніўня