28.08.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі, дыфамацыя "Медыязоне" стала вядома, што другога жніўня 2023 года ў турме ў Жодзіне памёр зняволены, асуджаны паводле палітычных артыкулаў. Пра гэта выданню паведаміла ўласная крыніца. Журналісты не называюць ягонае імя ў мэтах бяспекі сям'і. Ён стаў сёмым беларусам, асуджаным паводле палітычных матываў, які памер за кратамі.
Як беларусы паміраюць праз палітычны пераслед
Прычына смерці — унутрымазгавое кровазліццё, спалучанае з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, як паказана ў дакументах. У рэдакцыі ёсць яго імя, фота пасведчання аб смерці, а таксама фота яго магілы. Мужчына не быў прызнаны палітвязнем.
Паводле выдання, у лістападзе 2022 года памерлы мужчына быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі паводле артыкулаў аб распальванні варожасці і варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК), масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК), закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі (ч. 3 арт. 361, КК), паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
Верагодна, гаворка ідзе пра бацьку і мужа беларусаў, якіх дэпартавалі са Швецыі напрыканцы жніўня 2024 году, пасля чаго затрымалі на мяжы Беларусі. "Свабода" паведамляе, што сям'я ўдзельнічала ў пратэстах і жыла ў Беларусі да восені 2022-га года. Тады ў адзін з вечароў бацька і муж не вярнуўся з працы дадому. У выніку даведаліся, што супраць мужчыны завялі крымінальную справу, а ён знаходзіцца ў СІЗА. На хатні адрас сям’і пачалі прыходзіць лісты са Следчага камітэту з просьбай з'явіцца на допыты. Праз нейкі час маці і сын вырашылі з'ехаць з Беларусі. Пазней да іх прыехала дачка. "Свабода" таксама пацвярджае артыкулы, паводле якіх быў асуджаны бацька і дату ягонай смерці.
Крыніца: У жніўні 2023 года ў турме памёр асуджаны паводле палітычных артыкулаў