02.09.2024 Тэгі: суды, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-2 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску затрымалі мужчыну за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах
Праўладны тэлеграм-канал 1 верасня паведаміў пра затрыманне мінчука за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года. На пакальным відэа мужчына кажа, што "выходзіў на праезную частку, каб сфатаграфавацца".
Па папярэдняй інфармацыі, імя затрыманага – Максім Карабак.
Палітвязняволенаму Арцёму Лапікаву збіраюцца ўзмацніць пакаранне
Арцёма затрымалі ў жніўні 2023 года. У судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва 7 верасня 2023 года яго асудзілі паводле арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Суддзя Жанна Пушкіна прызначыла Арцёму 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вязень адбывае пакаранне ў ваўкавыскай калоніі № 11. 2 верасня ў Ваўкавыску адбыўся суд аб пераводзе палітвязня на турэмны рэжым. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка. Вынік суда пакуль невядомы.
Палітвязня Максіма Матырку хочуць перавесці на турэмны рэжым
За апошнія два гады палітвязня асудзілі ўжо тройчы — спачатку за ўдзел у акцыі пратэсту (арт. 342 КК) і падпал машыны (арт. 218 КК), а пазней за "злоснае непадпарадкаванне дміністрацыі калоніі (арт. 411 КК). Максіму прызначылі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але прысуд па справе за "непадпарадкаванне", невядомы. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў горацкую калонію № 9.
Стала вядома, што 10 верасня ў судзе Горацкага раэна будзе разглядацца справа аб пераводзе Максіма на турэмны рэжым. Працэс будзе весці суддзя Алена Шляхціцава.
Жыхара Баранавічаў затрымалі за каментары пра міліцыянтаў — ён назваў ГУБАЗіК экстрэмісцкім фармаваннем
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што мужчына "адправіцца адбываць доўгае пакаранне за абразы і пагрозы на адрас супрацоўнікаў МУС". Пра гэта стала вядома 31 жніўня.
Крыніца: Затрыманне за пратэсты і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 1-2 верасня