03.09.2024 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, правы мігрантаў Алесь Цісецкі. Выкладчык фізічнай культуры Беларускага педагагічнага ўніверсітэта Алесь Цісецкі да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года не лічыў сябе апантаным апазіцыянерам, мала цікавіўся палітыкай і нават не прымаў удзелу ў выбарах. Усё змянілася пасля 9 жніўня. Алесь не прапускаў ніводнага марша пратэсту, удзельнічаў у дваровых актыўнасцях, ствараў петыцыі і браў удзел у стварэнні студэнцкіх прафсаюзаў. Затым – арышты, звальненне з працы, пагроза крымінальнага пераследу і жыццё ў міграцыі.

Пачалося ўсё восенню 2020 года…

У жніўні я працаваў у дзцячым лагеры каля Аксакаўшчыны, а 9 жніўня знік інтэрнет і прыйшло адчуванне нейкай бяды. На другі дзень раніцай паехаў у Мінск, глянуў на Прытыцкага і ўсё стала зразумела. Начытаўшыся пра разгоны дэманстрантаў вырашыў, што буду хадзіць на ўсе маршы і ніводнага з іх не прапусціў, акрамя часу як сядзеў пад арыштам у Жодзіна”, – распавядае Алесь.

Першыя дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту Цісецкі адбываў ў Жодзіна.

“Першы раз мяне затрымалі 20 лістапада, на Нямізе. Людзей ачапілі і я проста йшоў як у пастку, Дзяўчына папрасіла ўзяць яе за руку, каб прайсці ачапленне разам, бо адна яна баялася. Але мяне затрымалі, а дзяўчыну адпусцілі. Завезлі ў Жодзіна і праз двое сутак асудзілі па скайпе за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У многіх затрыманых на судзе быў адзін сведка па прозвішчы Кот. Мне тады далі 10 сутак арышту. Пра тое, якія жахлівыя ўмовы былі тады на сутках напісана нямала, але мы неяк падтрымлівалі адзін аднаго, падбадзёрвалі. У панядзелак пасля вызвалення пайшоў на працу ў універсітэт, дэкан спакойна ўспрыняў арышт, маўляў, “нічога страшнага  не здарылася, прыступай да працы”. Але калі я пайшоў браць ключы ад спортзала, ахоўнік заявіў: “А цябе няма ў спісах”. Карацей, звольнілі імгненна, нават дэкан яшчэ не ведаў”,  – узгадвае падзеі тых дзён Цісецкі.

З дапамогай юрыстаў “Вясны”Алесь Цісецкі паспрабаваў абскардзіць пастанову, падаў хадатайніцтва аб вызваленні студэнткі Касі Будзько, таксама звярнуўся ў аддзел кадраў універсітэта, каб яго азнаёмілі з паперай аб звальненні, аднак яму нічога нават не паказалі. Заставалася яшчэ хобі – лазерная апрацоўка металу, якая давала нейкі прыбытак.

“Я ўключыўся ў падпісанне петыцый, далучыўся анлайн да студэнцкіх прафсаюзаў. А 21 сакавіка праходзіла канферэнцыя ў “Імагуру”, у якой удзельнічаў студэнцкі актыў, які хацеў аб’яднацца. Раптам, недзе праз трыццаць хвілінаў пасля пачатку, у памяшканне ўварваўся АМАП, усіх паставілі да сцяны, а потым затрымалі і адвезлі ў Заводскі РУУС. Спачатку абвінавацілі ва ўдзеле ў неснкцыянаваным масавым мерапрыемстве, але потым даведаліся, што на мерапрыемства быў дадзены дазвол і яго праходзіла афіцыйна. Таму ў Заводскім РУУС  пратакол перапісалі і абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Атрымаў я чарговыя 15 сутак і мяне адправілі на Акрэсціна”, – распавядае Алесь.

Пасля выхаду на волю Алесь зразумеў, што сітуацыя пагаршаецца і хутка ўсё скончыцца крыміналкай, ды і знаёмыя раілі з’ехаць з Беларусі:

“Напрыканцы 2021 года я выехаў ва Украіну. Дабраўся да Адэсы, дзе ўжо знаходзіліся мае знаёмыя. Мяне добра прынялі, дапамаглі з жыллём, знайшлася магчымасць падзарабіць, але так цягнулася нядоўга – праз тры месяцы пачалося расійскае ўварванне".

Валанцёрства і цяжкасці з легалізацыяй ва Украіне

Ва Украіне на той час можна было знаходзіцца без рэгістрацыі паўгады. Алесь планаваў звярнуцца ў дэпартамент па міграцыі, каб атрымаць від на жыхарства, але пачаліся ваенныя дзеянні і некаторы час міграцыйная служба ўвогуле не працавала.

cisecki-2.jpg
Алесь Цісецкі пад час валанцёрства ва Украіне.

“Пазней я разам са знаёмымі звярнуўся ў фонд “Пясочніца Адэсы”, дзе дапамаглі са зваротам у міграцыйную службу. Нам працягнулі дазвол на два месяцы, каб мы падаліся на ВНЖ. А ўжо калі прыйшлі на прыём – нам проста заявілі: “Шанцаў у вас няма”, дакументы пры гэтым прынялі. У гэты час я  актыўна займаўся валанцёрскай дзейнасцю ў складзе розных ініцыятыў і фондаў: БФ “Пясочніца Адэсы”, БФ “Ежа жыцця. Адэса”, ГО “Ланка”.

Разам з “Пясочніца Адэсы” і “Ежа жыцця. Адэса” мы ездзілі ў розныя гарады, вазілі ежу ў Нікалаеў, Херсон, ладзілі дзіцячыя мерапрыемствы, сустракаліся з калегамі. У мяне было пасведчанне валантэра, якога было дастаткова, каб вольна перасоўвацца”,  – распавядае Цісецкі. – Тады было адчуванне, што я знаходжуся на сваім месцы, што я там, дзе б’ецца сэрца Зямлі, што займаюся карыснай справай. І гэта натхняла і давала энергію”.

cisecki-3.jpg
Алесь Цісецкі пад час валанцёрства ва Украіне.

Алесь разумеў, што знаходзячыся ў нелегальным статусе, спакою не будзе. Напачатку 2024 года ён з некалькімі беларусамі, якія апынуліся ў падобным становішчы, паспрабавалі звярнуцца ў міграцыйную службу:

“Думаў, што калі адмовяць у дазволе на жыхарства і дадуць штраф, то тады можна звяртацца ў суд і яшчэ нейкі час чакаць рашэння. У выніку мне далі штраф 5 000 грывень з патрабаванеем пакінуць Украіну. Але куды ехаць без візы? Без яе можна было толькі ў Малдову і Славаччыну. Вырашылі разам са знаёмымі паехаць ў Браціславу. Хваляваўся вядома. Мае сябры праваабаронца Дзмітрый Лукомскі і мастачка Віялета Майшук, супраць якой у Беларусі ўзбудзілі спецвытворчасць, пракансультаваліся з юрыстам, а потым іх накіравалі ў лагер для бежанцаў закрытага тыпу ў Гуменне.

Я валодаў інфармацыяй аб тым, што ў Вільні шмат беларусаў, што там можна прыносіць нейкую карысць і змог выехаць у Літву. Тут я адчуваю сябе больш спакойна, з’явілася шмат новых цікавых знаёмых”.

Зараз Алесь займаецца пытаннямі легалізацыі і марыць як мага хутчэй уключыцца ў актыўнае жыццё, каб і надалей прыносіць карысць людзям.

Крыніца: Алесь Цісецкі: “Было адчуванне, што знаходжуся на сваім месцы, што я там, дзе б’ецца сэрца Зямлі”